БССР

16.10.2010, 19:10  |  Жывая кніга Паўла Севярынца, БХД

БССР, чырвона-зялёная бледнаруская аўтаномія з арнамэнтам – эпоха самай жорсткай акупацыі й самых цяжкіх выпрабаваньняў у гісторыі Беларусі Новага Запавету.

 

БССР – гэта разгар бязбожжа й русыфікацыі, пабудова плянавае гаспадаркі й ваенна-прамысловага комплексу, вал урбанізацыі – і, нарэшце, спазмы камунізму.

 

БССР – гэта БелАЗ, трактар "Беларусь", партызанка і прарокі, што супрацьстаялі сыстэме.

 

1.1.1919 у Смаленску БССР была абвешчаная.

 

19.9.1991 у Менску, з нараджэньнем незалежнай Беларусі, яна зьнікла, як дым.

 

Спачатку, па інэрцыі БНР, калі Часовы рабоча-сялянскі Ўрад на чале зь беларускім чырвоным паэтам Зьмітрам Жылуновічам атрымаў ад Леніна 6 паветаў, а затым беларускі чырвоны палітык Аляксандр Чарвякоў за Сталіным ажыцьцявіў два ўзбуйненьні рэспублікі, калі за чатырма дзяржаўнымі мовамі доля беларускіх школаў дасягнула 80%, здавалася, што Савецкая Беларусь – гэта хаця б беларусізацыя.

 

Але ўжо празь 10 гадоў савецкасьць нарэшце адчула сваю поўную несумяшчальнасьць зь беларускасьцю. Замест Беларусі паўстала пачвара зь невымоўнага спалучэньня чатырох літараў: адной штатнай, дзьвюх сьвісьцячых і апошняй зацьвярдзелай. БССР.

 

БССР, буфэрная рэспубліка й палігон камунізму на заходніх межах, паводле Сталіна, павінна была першай убачыць “сьветлую будучыню” (наколькі беларускае абяцаньне!). Таму, калі Прыбалтыка выконвала ролю вітрыны савецкага сацыялізму, Беларусь уяўляла сабой танк за гэтай вітрынай.

 

За 70 гадоў СССР адгрохаў у мірнае, ласкавае, сьветлае Беларусі ўдарны корпус савецкага мілітарызму – сталёвы заходні пляцдарм для штурму Эўропы. Найвялікшая ў сьвеце колькасьць танкаў на душу насельніцтва, дзесяткі ракетных шахтаў і ядравых боегаловак, нацэленых на сталіцы сьвету, стратэгічныя станцыі лякацыі ды радыёперахвату – аж да магістраляў, разьлічаных на разгон бранявых калёнаў, аж да грандыёзных сьвінакомплексаў для забесьпячэньня мясам мільённых войскаў. Зборачны цэх, заводы абаронкі й рамонту тэхнікі, электронікі й сыстэмаў сувязі, нафтахімія й вытворчасьць бэнзыну, гіганты машынабудаўніцтва, беспрэцэдэнтная канцэнтрацыя вайсковых кадраў – усё гэта Імпэрыя зла забівала ў беларускае скрыжаваньне, як цьвікі, каб падначаліць краіну духу сакрэтным мэтам халоднае вайны й сусьветнай рэвалюцыі. Станкабудаўнічыя монстры, МАЗ, "Нафтан" і Мазырскі НПЗ, заводы шарыкападшыпнікаў і аўтаматычных лініяў, "Інтэграл", "Палімір", "Гранат" – вайскова-індустрыяльная інфраструктура тае ж сэрыі, што й аўтамат Калашнікава ці зэнітна-ракетны комплекс залпавага агню "Град", прызначаныя для разгортваньня савецкае армады на стратэгічным кірунку ўдару. У XX ст. беларусы больш, чым любая іншая эўрапейская нацыя, былі падаўленыя цяжарам мілітарызму. Зь Беларусі, сэрца Эўропы, рабілі небывалую ў чалавечае гісторыі базу для збройнай агрэсіі.  І, урэшце рэшт, менавіта ў Беларусі гэтая махіна рухнула пад уласным цяжарам.

 

Прапаганда ператварыла БССР у перадавую вайсковага міту. Берасьцейская крэпасьць, Хатынь, Партызанка, Марат Казей, Пеця Клыпа, Курган Славы, манумэнты Перамогі, стэлы ды абэліскі – яшчэ адна партыя сталёвых цьвікоў, якімі акупанты на вачох ва ўсіх укрыжоўвалі Беларусь і забівалі галовы паловы сусьвету. Вэтэранамі, адстаўнікамі й выгнанымі з былога сацлягеру савецкімі афіцэрамі ў беларускіх гарадох засяляліся цэлыя кварталы. І вянком – не пераможным, а пахавальным – выглядаў бэсэсэраўскі герб: каласкі, лён з канюшынай, струменьні крывавага кумачу й жалезная свастыка зь сэрпу й молату на тле зямнога шару.

 

Камуністычная д'ябальшчына зьнішчала Беларусь – бо адчувала, што якраз гэтая незагоеная рана, гэтая ўвасобленая Божая ласка, гэтая Хрыстовая ахвярнасьць ёсьць ключавой перашкодай на заходнім кірунку, на галоўным шляху да сусьветнага панаваньня. Бальшавікі асушалі нашы балоты й вырубалі нашыя лясы, нявечылі да страты прытомнасьці гэтую зямлю й труцілі беларускія воды хіміяй. Бальшавікі ўзрывалі тут храмы, вырывалі з каранём родную мову й паражалі лепшыя галовы нацыі стрэламі ў патыліцу.

 

Але паўжывая Беларусь дыхала сілаю Духа Сьвятога – і разбурала маналіт імпэрыі ў пыл.

 

"Імпэрыя наносіць галоўны  удар" – вось што значыць “БССР”.

 

Але ж як Беларусь адказвала!..

 

На дыктат ВПК і мілітарысцкую прапаганду – энцыкляпэдыяй праўды Васіля Быкава.

 

На культ нянавісьці й бальшавісцкую агрэсію – любоўю і болем Алеся Адамовіча.

 

На катастрофы Афганістану й Чарнобылю – кнігамі Сьвятланы Алексіевіч.

 

На зьнішчэньне нацыянальнай адметнасьці, забыцьцё гісторыі й "зьліцьцё моваў", на казармавае асавечваньне – захапляючымі адкрыцьцямі Ўладзімера Караткевіча.

 

На выкараненьне пачуцьця гаспадара зь беларускай зямлі, пагалоўную калектывізацыю й мэліярацыю – рэкорднай вытворчасьцю мяса, малака, бульбы, якімі кармілі Маскву й Піцер.

 

На зьдзек зь сялянства й разбурэньне вёскі – імклівай пасьляваеннай урбанізацыяй і ператварэньнем у гарадзкую нацыю.

 

На прымітыў калгаснага фальклёру з лапцямі й дудачкамі – пранізьлівымі "Песьнярамі".

 

І калі Зянон Пазьняк дакапаўся да Курапатаў, а Станіслаў Шушкевіч адным росчыркам пяра вынес прысуд СССР – стала зразумела, што Беларусь, пакутная й прароцкая, аказалася мацней за ўсе ўзброеныя сілы Імпэрыі зла.

Навіны па тэме