Войны

26.10.2010, 16:05  |  Жывая кніга Паўла Севярынца, БХД

Для любога беларуса вайна – глябальная катастрофа й наймацнейшая канцэнтрацыя зла.

 

Геапалітычнае скрыжаваньне Беларусі ператваралася ў крыж штораз, як на шляхох зьяўляўся захопнік.

 

Вайна разбурала, рабавала, калечыла й забівала; сьледам прыходзілі эпідэміі й голад. Заставаліся адно попел спаленых хатаў й агромністыя могільнікі. Беларусь у сьвеце дагэтуль пазнаюць па трупах Хатыні, Трасьцянца, Берасьцейскай крэпасьці, па абэлісках Перамогі, партызанах і падпольшчыках – а ўсё гэта толькі апошняя вайна!

 

Беларусь спрабавалі зьнішчыць драпежнікі з усяго сьвету – татары, тэўтоны, Маскоўскае княства, Расейская Імпэрыя, фашысцкая Нямеччына, СССР. Беларускім адказам спачатку было паспалітае рушаньне, панцырнае баярства, крылатая коньніца, потым – лес, партызанка, падпольле, і нарэшце – малітва, цярплівасьць і адраджэньне.

 

Сучасная гісторыя ведае няшмат нацыяў, якія б некалькі стагодзьдзяў запар у выніку войнаў ставіліся на мяжу фізычнага выміраньня. Але Беларусь трывала, праходзіла празь сьмерць, празь пекла – і ажывала. Увесь боль беларускай вайны зьмяшчаецца ў адным вершы біблійнае кнігі Ёва: "Вось, Ён забівае мяне, але я буду спадзявацца"! (Ёва, 13:15). Толькі такая Беларусь, магла нарадзіць сусьветных прарокаў міру: Алеся Адамовіча, Васіля Быкава і нават Максіма Танка.

 

Нашыя самыя страшныя войны – Інфлянцкая, 1558–1583 гг, калі Масква захапіла Полацк і выпаліла ўсё Падзьвіньне; Невядомая, 1654–67 гг, якую доўга хавала расейская гістарыяграфія – а ў тае пагалоўнае разьні загінуў кожны другі беларус; Паўночная 1700–1721 гг.; Нашэсьце 1812 г.; I й II Сусьветныя, калі імпэрыі сутыкаліся ў сэрцы Эўропы за панаваньне над усёй плянэтай... Вялікіх вайскаводцаў і выбітных дзяржаўных дзеячоў Уладзімера Манамаха, Івана Грознага, Карла XII, Пятра I, Напалеона, Суворава, Гітлера, Сталіна Беларусь ведае выключна як агрэсараў, акупантаў і забойцаў.

 

Ужо пасьля таго, як 1,5 мільёны беларусаў згінулі ў 260 лягерох сьмерці, а яшчэ больш мільёна – на фронтах ІІ Сусьветнай, Савецкі Саюз распачаў у Беларусі будаўніцтва вялізнай вайсковай базы. Уся БССР уяўляла сабой ударны кулак савецкага мілітарызму й адначасова – стратэгічны пляцдарм вайсковага міту.

Трыюмф зброі ў Беларусі праваліўся.

 

Чаму ж беларусы не прымаюць вайны? Таму што сама сутнасьць Беларусі – далікатная, узвышаная, ласкавая – не для войнаў, а для міру Божага. Таму што перамогі Беларусі заўжды былі духовымі – і збаўлялі душы, а не забівалі іх. Беларус не бярэцца за зброю, унікае войска, й скрайнім выпадку йдзе ў партызаны, каб не згубіць сябе ў буры страху, гвалту й нянавісьці. Але ж калі беларуса дастаць да самае глыбіні душы, загнаць у кут ды там яшчэ й таптаць – спрацоўвае спружына стоенае сілы, і беларуская вайна разгортваецца з навальнічнай хуткасьцю.

 

Беларус са зброяй – гэта відовішча апакаліптычнае, кшталту Пагоні, перад якой не ўстаяць ані татары, ані крыжакі, ані браты-славяне; кшталту Магілёўскага паўстаньня 1661г., калі трупамі маскаля запруджвалі Дняпро;  кшталту сутыкненьняў на вулічных маніфэстацыях, калі і радыкальныя дэманстранты, і вясковыя хлопцы-амапаўцы малоцяць адзін аднаго да страты прытомнасьці тронкамі ад сьцягоў ды плякатамі.

 

Калі няма выйсьця, калі вайна ўломваецца ў хату, калі меч ёсьць адзіным адказам – тады беларусаў не разьбіць, не спыніць, не стрымаць. У адкрытым баі беларусы практычна заўжды апыналіся ў меншасьці – але атакавалі й грамілі ворага. Стратэгія Давіда ў бітве з Галіяфам заўжды давала Беларусі бліскучыя перамогі над шматкроць большымі сіламі татараў, маскавітаў, швэдаў ды немцаў.

 

Беларусы ўмеюць ваяваць, ды яшчэ як! Толькі лепш іх да гэтага не даводзіць. Беларус Сяргей Грыцавец, двойчы герой Савецкага Саюза, у адным баі зьбіў 7 вырожых самалётаў. Ягоны зямляк Аляксандр Гаравец – 9 самалётаў, і ў той жа дзень загінуў. Беларуска Зінаіда Тусналобава-Марчанка выцягнула з поля бою сотні параненых – сама засталася бяз рук і ног. Беларус Міхась Ягораў падымаў Сьцяг Перамогі над рэйхстагам. Нарэшце, беларус Трыфан Лук’яновіч на вуліцы Бэрліну ў 1945-м уратаваў нямецкую дзяўчынку – і быў увекавечаны ў помніку Вучэціча ў Трэптаў-парку.

 

Захопнікі выдатна ведалі, што беларуса адольваюць адно незьлічоная колькасьць, вынішчэньне веры й татальны генацыд. І каго як не цярплівых, маўклівых мацакоў-беларусаў рэкрутавалі потым на свае войны акупанты! Беларусы заваёўвалі для Расеі Сібір, Каўказ і Сярэднюю Азію, біліся й паміралі за польскую незалежнасьць; абаранялі Берасьцейскую крэпасьць, Маскву ды Сталінград. Нават у Афганістан першай уваходзіла Віцебская дэсантная дывізія. Дагэтуль ва ўсім былым Саюзе браткоў-беларусаў вайсковыя спэцы ведаюць як адмысловых байцоў.

 

Таму беларусы шчасьлівыя, калі не ваююць. АБЫ НЕ БЫЛО ВАЙНЫ – гэта таксама нацыянальная ідэя. Алесь Адамовіч змагаўся супраць гонкі ядравых узбраеньняў. Станіслаў Шушкевіч – беспрэцэдэнтны выпадак! – бязвыплатна адмовіўся ад савецкіх ракетаў на карысьць поўнага нэўтралітэту. Зянон Пазьняк дамогся, каб беларусы не служылі ў гарачых кропках.

 

Беларусы не пацыфісты. Проста Беларусь – гэта ўсё, што засталося тут пасьля тысячагодзьдзя войнаў.

Навіны па тэме