Канфіскацыю маёмасці бізнесу за адміністрацыйныя правапарушэнні забароняць

28.10.2010, 11:34  |  Навіны, Эканоміка

У Беларусі плануецца ўвесці забарону на канфіскацыю маёмасці бізнесу за адміністрацыйныя правапарушэнні. Пра гэта гаворыцца ў праекце дырэктывы па лібералізацыі эканамічнай дзейнасці, тэкст якога ёсць у БелаПАН.

 

У адпаведнасці з дакументам прапаноўваецца "спыніць практыку канфіскацыі маёмасці ў фізічных асоб і суб'ектаў прадпрымальніцкай дзейнасці, якія з'яўляюцца яе добрасумленнымі пакупнікамі".

 

Прапаноўваецца таксама выключыць прыняцце нарматыўных прававых актаў, якія прадугледжваюць магчымасць канфіскацыі маёмасці за ўчыненне адміністрацыйных правапарушэнняў, калі яны не звязаны з нанясеннем прамога ўрону дзяржаве ў выглядзе нявыплаты падаткаў і іншых абавязковых плацяжоў у бюджэт, забяспечваючы прывядзенне дзейнага заканадаўства ў адпаведнасць з гэтым прынцыпам на працягу 2011 года.

 

Да канца 2011 года плануецца забараніць канфіскацыю маёмасці і іншыя дзеянні, скіраваныя на пазбаўленне (спыненне, абмежаванне) маёмасных правоў суб'ектаў гаспадарчай дзейнасці пры адсутнасці рашэння суда, якое ўступіла ў законную сілу.

 

Каментуючы меркаваныя змены, старшыня РГА "Перспектыва" Анатоль Шумчанка зазначыў у інтэрв'ю БелаПАН, што ўраду давядзецца грунтоўна памяняць існуючую заканадаўчую базу.

 

"Канфіскацыя тавараў закладзена ў многіх нарматыўных актах, якімі кіруюцца нашы суды пры прыняцці рашэнняў. І каб пункт аб поўнай адмене такой меры, як канфіскацыя, запрацаваў, неабходна ўнесці змены ў заканадаўчую базу", — сказаў Шумчанка.

 

Разам з тым бізнес, паводле яго слоў, не паверыць у сур'ёзнасць намераў дзяржавы адмовіцца ад карнай палітыкі і перайсці да папераджальнай.

Крыніца: БелаПАН

Навіны па тэме