Гомель: Дзяды пад бел-чырвона-белымі сцягамі

02.11.2010, 11:08  |  Навіны, Грамадства

1 лістапада гомельскія дэмакраты правялі талаку й навялі парадак у трох месцах гораду, дзе падчас сталінскіх рэпрэсіяў масава расстрэльвалі мірных жыхароў. Гэтыя месцы знаходзяцца на 9 кіламэтры абапал Чарнігаўскай шашы.

 

Напачатку актывісты пафарбавалі пакутны крыж ахвярам бальшавіцкай дыктатуры 1919-1940 гадоў, які стаць пры самай шашы.

 

Потым група разьдзялілася. Адны паехалі прыбіраць тэрыторыю на месцы масавых пахаваньняў ва ўрочышчах Тры Слупы й Боркі па левы бок Чарнігаўскай шашы. Улетку 2007 году салдаты 52 пошукавага батальёну Міністэрства абароны адкапалі тут парэшткі 70 расстраляных людзей. Раённыя ўлады на месцы расстрэлу ўсталявалі крыж, а дэмакратычныя актывісты паклалі памятны камень з надпісам: «Тваім пакутнікам, Беларусь».

 

Яшчэ адна група накіравалася ў Шчыкатоўскі лес, што па правы бок Чарнігаўскай шашы. Тут яшчэ ў 90-я гады мінулага стагодзьдзя былі знойдзены масавыя пахаваньні людзей. На месцы расстрэлаў усталяваны драўляны крыж, насыпаны надмагільны ўзгорак, які абнесьлі важкім ланцугом.

 

Актывісты прыбралі з надмагільнага пагорка апалае лісьце, пафарбавалі крыж. Кастусь Жукоўскі, сябра БХД, кажа, што надышоў час умацаваць пакутныя крыжы, якія ў зямлі заўважна падгнілі:

 

«Мы яшчэ да сьнегу паспрабуем умацаваць крыжы і тут, у Шчыкатоўскім лесе, і пры шашы. На жаль, у Беларусі такіх пакутных месцаў шмат. Наш сьвяты абавязак падтрымліваць іх у належным стане, не дапусьціць занядбаньня гэтых месцаў, дзе пралілася кроў бязьвінных людзей. Дзяды — добрая нагода навесьці тут парадак. Бо хто ня ведае гісторыі, той ня мае й будучыні».

 

 

У наступным годзе, паводле хрысьціянскай традыцыі, гомельскія актывісты мяркуюць усталяваць на месцы масавых расстрэлаў і новыя крыжы.

Навіны па тэме