“Калінкавіцкія навіны” апраўдваюцца

02.11.2010, 20:58  |  Навіны » Грамадства

“Праваабаронцы за свабодныя выбары” паведамлялі, як калінкавіцкая раённая газета асвятляла ход збору подпісаў у райцэнтры. У прыватнасці, аўтар артыкулу зазначаў, што збор подпісаў за Аляксандра Лукашэнку ідзе актыўна, а Віталь Рымашэўскі, які наведаў райцэнтр - невядомы нікому ў Калінкавічах прэтэндэнт на прэзідэнцкую пасаду.

 

Артыкул пра піяр раённай газетай Лукашэнкі і “чорны піяр” Рымашэўскага надрукаваў і незалежны гомельскі сайт odsgomel.org. І тады Аляксандр Века, аўтар артыкула ў газеце “Калінкавіцкія навіны”, відаць, палічыў патрэбным “запярэчыць аўтарам інфармацыі на сайце odsgomel.org у тым, што раённая газета “адкрыта падтрымлівае збор подпісаў толькі за аднаго прэтэндэнта - Аляксандра Лукашэнку”. “У згаданым вышэй артыкуле я называў імя Віталя Рымашэўскага, які прапаноўваўся кандыдатам у Прэзідэнты”, - апраўдваецца аўтар артыкулу. 

 

Называць называў, але як? “Невядомы мне, прынамсі, я больш чым упэўнены, што гэты малады чалавек дакладна таксама невядомы і большасці калінкавічан”, - так ахарактэрызаваў ён Рымашэўскага, а цяпер гэтым жа прозвішчам вырашыў апраўдацца, маўляў, я і пра яго пісаў.

 

І каб ужо канчаткова пераканаць чытачоў у сваёй аб'ектыўнасці, А.Века ўзгадаў пра тое, што, аказваецца, у райцэнтры збіралі подпісы і за Уладзіміра Някляева, нават даў слова сябру ініцыятыўнай групы прэтэндэнта на прэзідэнцкі пост.


“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Крыніца: Вясна-96

Навіны па тэме