Ва ўчастковых выбаркамах — толькі 0,25% апазіцыянераў

04.11.2010, 18:28  |  Навіны » Палітыка

У склад участковых камісій па выбарах прэзідэнта Беларусі ўключаны 183 прадстаўнікі апазіцыйных палітычных партый.

 

Пра гэта паведаміў сакратар Цэнтрвыбаркама Мікалай Лазавік. Усяго апазіцыйныя партыі вылучалі ў склад участковых камісій 1.073 прадстаўнікі.

 

Ва ўчастковыя камісіі ўключаны 54 прадстаўнікі Аб’яднанай грамадзянскай партыі (вылучаліся 505), 78 — Беларускай партыі левых «Справядлівы свет» (283), 36 — Партыі БНФ (201), 10 — Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) (48), 5 — Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады (29) і ніводнага — Кансерватыўна-хрысціянскай партыі — БНФ (7).

 

Разам з тым з 705 прадстаўнікоў, вылучаных праўладнай Камуністычнай партыяй Беларусі, у склад камісій уключаны 545 чалавек.

 

428 сваіх прадстаўнікоў ва ўчастковых камісіях будзе мець Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці (вылучаліся 468 чалавек), 406 — Беларуская сацыяльна-спартыўная партыя (420), 144 — Беларуская аграрная партыя (147), 63 — Рэспубліканская партыя (68).

 

Кажучы пра ўключэнне ў склад участковых камісій прадстаўнікоў апазіцыйных партый, Лазавік зазначыў, што пры фарміраванні камісій «у аснову ставілася не партыйная прыналежнасць, а дзелавыя якасці чалавека».

 

Аднак адзін з каардынатараў кампаніі «За справядлівыя выбары», лідар Беларускай партыі левых «Справядлівы свет» Сяргей Калякін, мяркуе, што гэта не так. «Як правіла, у камісіі ўключаюць апазіцыйных прадстаўнікоў, якія не маюць вялікага вопыту ўдзелу ў выбарчых кампаніях. І наадварот, людзей з вялікім вопытам, юрыдычнай адукацыяй не ўключаюць», — сказаў палітык. На яго думку, гэта сведчыць пра тое, што ўлады не зацікаўлены ў правядзенні празрыстых і свабодных выбараў.

 

Нагадаем, апазіцыйныя прэтэндэнты на пасаду прэзідэнта і палітычныя партыі неаднаразова заяўлялі, што ўключэнне іх прадстаўнікоў у склад участковых камісій павінна быць абавязковай умовай правядзення дэмакратычных выбараў.

Крыніца: Наша Ніва

Навіны па тэме

Фото юзера Gr
Gr 05.11.2010
http://rymasheuski.org/news/admovicca-ad-podpisu/

Чаму гэтай навіны няма?