Залаты век - XVI стагоддзе

06.11.2010, 18:17  |  Жывая кніга Паўла Севярынца, БХД

Эра найвялікшага росквіту Беларусі, час галоўных герояў гісторыі й самага моцнага духовага абуджэньня – XVI стагодзьдзе.

 

Кожная нацыя ўздыхае аб сваім Залатым веку. У Беларусі сапраўднае фамільнае золата мае пробу XVI. Для гісторыкаў гэта пасіянарны выбух ВКЛ, для культуролягаў – фэномэн Рэнэсансу, для вернікаў – эпоха хрысьціянскае велічы. Наймагутнейшая дзяржава, найслаўнейшыя асобы, найвышэйшы дух – карацей, золата ва ўсіх намінацыях.

 

Мы мусім быць выключна ўважлівыя да Залатога веку. Менавіта празь ягоныя каштоўнасьці й зьдзяйсьненьні можна зь ювэлірнай дакладнасьцю вылічыць залатое сячэньне нацыянальнай ідэі.

 

У гарніле стагодзьдзя, пачатага Бібліяй Скарыны й завершанага Берасьцейскай вуніяй, утварыўся залаты хрысьціянскі сплаў: каталіцызм, праваслаўе й пратэстантызм, абуджаныя Рэфармацыяй, ачышчаныя талеранцыяй – у адзіным агмяні эвангелізацыі. У кнігах, пропаведзях, малітвах беларусы масава адкрывалі для сябе Бога. Сотні тысячаў людзей каяліся й нараджаліся звыш у Ісусе Хрысьце. Залатыя словы рабіліся целам!

 

Нешта падобнае перажылі ў XVI ст. немцы, ангельцы, швэды, галяндцы.

 

Беларусь XVI ст. напоўніцу адчула сваю місію сярод іншых народаў. Суседзі спазналі ўплыў галоўнага беларускага абуджэньня ў культуры, гаспадарцы, палітыцы, рэлігіі.

 

Беларусь канчаткова сфармавалася як сэрца Эўропы – сэрца любові, болю й веры.

 

XVI ст. – кульмінацыя гісторыі Беларусі. Менавіта ў глыбінях XVI ст. трэба шукаць "нулявы пункт", зь якім заканчваецца Стары Запавет Беларусі й пачынаецца наша Новая эра (паводле разьлікаў аўтара, гэта 1563 г.). Якраз пра гэты момант можна сказаць: у беларускі сьвет прыйшоў Хрыстос. Эфэкт Божае прысутнасьці адчуваўся паўсюль – і гэта, быццам філязофскі камень, альхімічна ператварала ў золата цэлую краіну.

 

XVI ст. – гэта дзеі апосталаў нацыі. Францыск Скарына й Леў Сапега, Мікалай Радзівіл і Астафі Валовіч, Мікола Гусоўскі й Андрэй Волян, Сымон Будны й Іпаці Пацей, Кастусь Астроскі й Пётра Скарга, Іван Федаровіч ды Пётр Мсьціславец. Імёны, напісаныя ў нашай гісторыі самі ведаеце якімі літарамі.

 

XVI ст. – наша Aurea Mediocritas, залатая сярэдзіна ў гісторыі, дзяржаўнасьці, законнасьці, палітыцы. Тры капітальныя Статуты за 60 гадоў! Літоўская Мэтрыка! Якія лідэры – Жыгімонт Аўгуст, Сцяпан Батура, Радзівілы й Сапегі! Залаты балянс паміж прадстаўнічай манархіяй, моцнай канстытуцыяй і шляхецкай дэмакратыяй. Росквіт мясцовага самакіраваньня. Дзесяткі гарадоў, што атрымалі магдэбурскае права й уласныя гербы.

 

XVI ст. – фаервэрк кнігадрукаваньня й культуры. Дзесяткі выданьняў Сьвятога Пісьма, катэхізмаў, тэалягічнае публіцыстыкі й навучальнае літаратуры. "Песьня пра зубра", "Пруская вайна", знакамітыя летапісы. Сармацкі партрэт, Мірскі замак, першае ва Ўсходняй Эўропе барока ў Нясвіскім касьцёле Божага Цела, якое ў наступных стагодзьдзях дасьць цэлы выбух шэдэўраў. Мураванка, Сынкавічы, збор у Заслаўі, Фара ў Горадні. Сотні адчыненых школаў – кальвінскія, езуіцкія, брацкія. Віленская Акадэмія... Перабіраеш, зачэрпваеш жменямі, не раўнуючы як залатыя скарбы ў куфры – з агністым бляскам, звонам і немым захапленьнем!

 

XVI ст. – бурнае разьвіцьцё рынкавае гаспадаркі: цяпер гэта называецца “эканамічны бум”. За некалькі дзесяцігодзьдзяў нацыянальны даход ВКЛ павялічваецца ў 4 разы й азалачае казну. Уніфікаваны грашовы абарот: дагэтуль Падзьвіньне лічыла рыскія шылінгі, Панямоньне – чэскія грошы, Палесьсе – ардынскія дырхемы; цяпер паўсюль грош літоўскі, віленскае чаканкі. Аграрная рэформа паводле лепшых эўрастандартаў, "Устава на валокі", пасьля якой Беларусь пачала экспартаваць збожжа. Створаная таварная сельская гаспадарка: вёскі ў адну вуліцу й фальваркі робяцца галоўным беларускім ляндшафтам на бліжэйшыя 400 гадоў. Напачатку XX стагодзьдзя. Сталыпін возьме гэтую сыстэму за ўзор, каб распачаць сваю знакамітую рэформу па ўсёй Расеі. XVI – наш "залаты стандарт"!

 

XVI ст. – нябачны дагэтуль рывок урбанізацыі. За стагодзьдзе ўтвараецца каля 300 новых гарадоў і мястэчак, дзе крышталізуецца маса мяшчанаў, расьсяляецца габрэйства, запачаткоўваюцца рамесныя цэхі, гуртуюцца брацтвы. XVI ст. – пачатак дакладнае генэалёгіі большасьці шляхецкіх родаў. 80% гараджанаў – беларусы: рэкорд, не перасягнуты дагэтуль. Залатыя часы: у гарадох нарэшце фармуецца нацыя!

 

XVI ст. – залатая эпоха, калі на беларускай мове ліставаліся дыпляматы Польшчы, Маскоўшчыны, Валахіі, Малдовы, калі знакамітыя Генрыкаўскія артыкулы прымусілі Францыю спыніць перасьлед гугенотаў пасьля кашмару Варфаламееўскае начы.

 

Нарэшце, XVI ст. – гэта век геапалітычнага супрацьстаяньня з Масквой, змаганьня з агрэсіўнай Турэччынай, Люблінскай вуніі з Польшчай; век перамогаў пад Клецкам, Воршай ды Улай. Беларусь – у эпіцэнтры жыцьця кантынэнту; Беларусь паўсюль – на вагу золата.

 

XVI ст. – сапраўднае золата нацыі. Галоўны капітал гісторыі, які ляжыць зьліткамі ў архівах ды сэйфах лепшых музэяў сьвету. Фундамэнтальны залаты запас, зроблены на чорны дзень.

 

Таму наша XVI ст. можа з поўным правам паўтарыць да Бога сьледам за ўлюбёным беларускім Ёвам:

"Але Ён ведае шлях мой,

няхай выпрабуе мяне, –

выйду, як золата!" (Кніга Ёва 23:10)

Навіны па тэме