Слухайце штотыднёвую праваабарончую праграму “Людзьмі звацца!” на хвалях Радыё Рацыі

09.11.2010, 19:02  |  Навіны » Грамадства

Кожны аўторак у эфіры незалежнай радыёстанцыі “Радыё Рацыя” - праграма “Людзьмі звацца!”, якая асвятляе падзеі, датычныя правоў чалавека на Беларусі.

 

Праграма складаецца з чатырох паасобных рубрык: “Хроніка пераследу”, “Час выбару”, “Інтэрв’ю са змагаром за дэмакратычныя каштоўнасці” і “Захаваем жыццё”.

 

Час выхаду праграмы ў эфір – 15-05. Таксама ў гэты час яе можна слухаць праз інтэрнэт на сайце www.racyja.com.

 

У чарговым выпуску праграмы “Людзьмі звацца!” слухачоў чакаюць агляд-хроніка парушэнняў правоў чалавека, у якой прадстаўлены найбольш гучныя факты пераследу за мінулы тыдзень.

 

У рубрыцы “Час выбару” - найбольш значныя факты, якімі вызначыўся апошні тыдзень выбарчага  марафону. Гэта ў першую чаргу праверка падпісных лістоў і абскарджванне парушэнняў выбарчага заканадаўства, зафіксаваных незалежнымі назіральнікамі.

 

Госць праграмы – каардынатар недзяржаўнай міжнароднай арганізацыі па абароне праваабаронцаў “Фронтлайн” Марыя Шышчанкова. Яна адказвае на пытанні аб тым, як абараніць праваабаронцаў, якія нярэдка самі становяцца ахвярамі пераследу з боку таталітарных рэжымаў ды якім чынам каардынуюць свае дзеянні беларускія праваабаронцы з міжнароднымі арганізацыямі, што працуюць у гэтым накірунку.

 

У рубрыцы “Захаваем жыццё” прадстаўлены апошнія падзеі, звязаныя з кампаніяй за адмену смяротнага пакарання ў Беларусі.

 

У музычных паўзах – песні гурта “Сцяна” з новага дыску “Кропка вяртання”

 

Радыё Рацыя – першае незалежнае інфармацыйна-забаўляльнае FM-радыё ў Польшчы на беларускай мове. Галоўнай мэтай Беларускага Радыё Рацыя з’яўляецца стварэнне грамадзянам Беларусі доступу да незалежнай інфармацыі аб падзеях і развіцці сітуацыі ў Беларусі, Польшчы, Еўропе ды свеце.

Крыніца: Вясна-96

Навіны па тэме