«Інтэрфакс»: Беларусь і Расія на парозе новай нафтавай вайны

10.11.2010, 17:29  |  Навіны » Палітыка

Сітуацыя дазваляе «прагназаваць чарговае абвастрэнне двухбаковых адносінаў на пачатку наступнага года, што можа выклікаць часовае прыпыненне паставак нафты у Беларусь з РФ і нават прыпыненне транзіту расійскай нафты па тэрыторыі рэспублікі», піша «Інтэрфакс-Захад».

 

Рэч у тым, што тэрмін дзеяння падпісанага 27 студзеня 2010 года міжурадавага беларуска-расійскага пратаколу аб гандлі нафтай сканчаецца 31 снежня гэтага года. І бакі не дасягнулі прагрэсу ў перамовах аб яго пралангацыі, канстатуюць аўтары.

 

На сёння абмяркоўваюцца два варыянты.

 

Патрабаванні беларускага боку сёлета досыць сціплыя. Мінск хоча пралангаваць механізм 2011 года, але павялічыць квоту бязмытных паставак нафты ў Беларусь з 6,3 млн тон да 6,7 млн тон.

 

Расійскі бок, у асобе намесніка міністра фінансаў Сяргея Шаталава, публічна прапанаваў замяніць мыты на нафту для Беларусі экспартнымі мытамі на беларускія нафтапрадукты, якія будуць перадавацца ў расійскі бюджэт. Цяпер такія мыты ў Беларусі адсутнічаюць.

 

Прычым Расія прэтэндуе нават на мыты ад экспарту нафты, здабыванай у Беларусі, а таксама на мыты ад экспарту нафтапрадуктаў з любой іншай нафты, за выняткам венесуэльскай.

 

У сваю чаргу, «беларускі бок згодны перадаваць у расійскі бюджэт толькі вывазныя мыты ад экспарту нафтапрадуктаў, вырабленых з расійскай нафты», — паінфармаваў суразмоўца.

 

Разыходжанні між пазіцыямі такія значныя, што прыйсці да кампрамісу да Новага года будзе складана.

 

Гэта дае падставы думаць, што можа паўтарыцца нафтавая вайна і дайсці да спынення паставак нафты.

 

Праўда, Беларусь разлічвае на гэты раз мець падстрахоўку ў выглядзе нафты з Венесуэлы і такім чынам уратаваць свае два нафтаперапрацоўчыя заводы ад спынення.

З іншага боку, сітуацыя пагаршаецца тым, што з 1 студзеня ўвойдзе ў дзеянне ў пробным рэжыме нафтаправод БТС-2 у абыход Беларусі.

 

Гэта значыць, Расія перастане быць залежнаю ад беларускага транзіту. І можа зусім адмовіцца да транзіту нафты праз Беларусь.

 

Між тым у 2009 годзе праз сістэму магістральных нафтапровадаў «Дружба» праз Беларусь прапампавалі амаль 80 млн тон нафты. Гэта было адной з важных крыніц даходу нацыянальнага бюджэту.

 

Агенцыя «Інтэрфакс» часта атрымлівае звесткі з крыніц у Адміністрацыі прэзідэнта і спецслужбах. У часы папярэдніх энергетычных войнаў з Расіяй яна давала больш аператыўную і вычарпальную інфармацыю, чым іншае лукашэнкаўскае агенцтва БелТА.

 

Суразмоўца «Інтэрфакса» мяркуе, што «перамовы па транзітных тарыфах будуць цяжкімі і працяглымі і наўрад ці завершацца да канца года. У гэтай сувязі Беларусь і Расія могуць ўступіць у 2011 год, не маючы прававых умоў пастаўкі нафты ў Беларусь і яе транспартавання па тэрыторыі рэспублікі».

 

Крыніца на версе ўлады мяркуе, что рашэнне праблемы ўрэшце будзе вынесена на найвышэйшы ўзровень.

Крыніца: Наша Ніва

Навіны па тэме