У Мінску адбудуцца прысвечаныя Грунвальду навуковая канферэнцыя і канцэрт

10.11.2010, 19:13  |  Навіны » Культура

Канферэнцыя "660-годдзе Вялікага князя Вітаўта і 600-годдзе Грунвальдскае (Дубровенскае) бітвы 1410 г." адбудзецца 13 лістапада ў Палацы Мастацтва Беларускага Саюза Мастакоў (Мінск, вул. Казлова, д.3, актавая зала). Пачатак рэгістрацыі а 9 гадзіне.

 

У арганізацыйны камітэт канферэнцыі ўваходзяць Мікалай Купава (+375295513236), Леанід Акаловіч (+375293352494) Эдвард Зайкоўскі (+375291104991).


З тэматычнымі дакладамі выступяць доктар гістарычных навук, вядучы навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі НАН Беларусі Юрый Бохан, доктар гістарычных навук, прафесар, акадэмік Міжнароднай Акадэміі Навук Еўразіі Анатоль Грыцкевіч, кандыдат гістарычных навук, дацэнт Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка Уладзімір Канановіч, кандыдат гістарычных навук, дацэнт, загадчык кафедры сацыяльна-гуманітарных навук Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта Аляксандар Ліцвінскі, гісторык, доктар гістарычных навук, прафесар, загадчыца кафедры гісторыі Беларусі Гарадзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Святлана Марозава, геральдыст Анатоль Цітоў, ды шэраг іншых навукоўцаў і даследчыкаў.


Пасля выступаў запланавана дыскусія.


Увечары а 19 гадзіне ў Чырвоным касцёле святой Алены і святога Сымона ў гонар Грунвальдскай перамогі адбудзецца канцэрт духоўнай музыкі.  На ім кампазітар Ганна Кароткіна прэзентуе сваю кампазіцыю "Грунвальд і Вітаўт". У канцэрце таксама прымуць удзел дыпламант мiжнародных конкурсаў Iван Юркевіч, артыстка  Беларускага  дзяржаýнага музычнага  тэатра Ганна Бяляева, артыст сiмфанiчнага аркестра Белдзяржфiлармонii Аляксандр Новiкаў.

Навіны па тэме