Цана газу для Беларусі ўзрасце да 210—220 долараў

10.11.2010, 19:29  |  Навіны » Эканоміка

Цана газу для Беларусі на 2011 год складзе 210—220 долараў за тысячу кубаметраў, заявіў журналістам 9 лістапада першы намеснік прэм'ер-міністра Уладзімір Сямашка.

 

Паводле яго слоў, цана будзе ўстанаўлівацца па формуле. Пры гэтым Беларусь і Расія абмяркоўваюць адносна газу "некаторыя пытанні, ёсць пэўныя прапановы".

 

Як адзначыў Сямашка, 15 кастрычніка расійскі прэм'ер Уладзімір Пуцін заявіў, што на прынцып роўнадаходнасці цэнаў на газ мяркуецца выйсці да 2015 года. Расія мае намер рухацца да ўзроўню роўнадаходнасці "ўлічваючы саюзніцкія адносіны". Пры гэтым Пуцін даў даручэнне "Газпрому" працаваць па дадзеным напрамку. Паводле слоў Сямашкі, Беларусь у 2012—2015 гадах мае намер рухацца да прынцыпу роўнадаходнасці ў залежнасці ад крокаў у гэтым накірунку Расіі.

 

Сямашка таксама паведаміў, што калі ў 2010 годзе тарыф на транзіт расійскага газу па Беларусі складаў 1,88 долара за 1 тыс. куб. м на 100 км, то ў 2011 годзе ён вырасце да 2 долараў. Першы віцэ-прэм'ер растлумачыў, што ў адпаведнасці з кантрактам ад 31 снежня 2006 года тарыфы "рухаюцца ва ўвязцы, як рухаецца і формула цаны на нафту — сінхронна, па пэўнай залежнасці пасоўваецца і тарыф на транзіт газу".

 

Паводле слоў Сямашкі, тарыфы на транзіт нафты па Беларусі плануецца ўстанавіць да канца года. "Гэта будзе залежаць ад курсу расійскага рубля да долара: разлік вядзецца рублямі, а тарыфы ўстанаўліваюцца ў доларах", — сказаў ён.

 

Між тым у "Газпроме" не выключаюць цяжкасцяў на перамовах па новым кантракце з Беларуссю. 1 лістапада ў інтэрв'ю тэлеканала Russia Today афіцыйны прадстаўнік кампаніі Сяргей Купрыянаў адзначыў, што ў наступным годзе заканчваецца кантракт на пастаўку газу Беларусі, і як будуць праходзіць перамовы па новым кантракце, "пакуль сказаць цяжка". На пытанне, ці магчымая новая "газавая вайна", Купрыянаў заявіў: "Ну, мы ўсе ведаем прыказку: спадзявайся на лепшае, рыхтуйся да горшага".


Раней у некаторых СМІ з'явіліся паведамленні, што ў 2011 годзе расійскі газ для Беларусі будзе каштаваць 250 долараў за тысячу кубаметраў. Зараз краіна купляе газ прыкладна па 193 долары. Пасол РФ Аляксандр Сурыкаў на прэс-канферэнцыі 22 верасня заявіў, што цана газу ў наступным годзе вырасце прыблізна на 10%, паведамляе БелаПАН.

Крыніца: радыё Рацыя

Навіны па тэме