Насельніцтва чакае дэвальвацыі, масава скупляе валюту

17.11.2010, 10:12  |  Навіны, Эканоміка

Чыстая купля беларусамі замежнай валюты (наяўнай і безнаяўнай) у кастрычніку 2010 года склала 317,2 млн даляраў. Пра гэта паведамляе справаздача Нацыянальнага банка.

 

Між тым у верасні чысты попыт насельніцтва на замежную валюту складаў 62,8 млн даляраў. Такім чынам, чыстая купля насельніцтвам замежнай валюты ў кастрычніку вырасла у 5,1 разу ў параўнанні з папярэднім месяцам пасля росту за верасень амаль у 2 разы ў параўнанні са жніўнем.

 

Прычым чысты попыт на валюту гатоўкай у кастрычніку склаў 253 млн даляраў, што ў 11 разоў больш у параўнанні з вераснем.

 

Такая паніка на валютным рынку звязана з масавымі чаканнямі дэвальвацыі. Як вядома, дэфіцыт бягучага рахунку Беларусі дасягнуў рэкорднага памеру. Ад новага года сітуацыю можа пагоршыць чарговы рост цэнаў на расійскія нафту і газ.

 

Чаканні фінансавай дэстабілізацыі застаюцца моцныя, нягледзячы на тое, што тэмпы эканамічнага росту высокія, а ўлады робяць усё для захавання стабільнасці.

 

Кіраўнік місіі Міжнароднага валютнага фонду Крыстафер Джарвіс адзначыў на брыфінгу 16 лістапада, што «афіцыйныя органы Беларусі шмат чаго дасягнулі сёлета. Беларусь пазбегла рэцэсіі, аднавіўся эканамічны рост, які склаў са студзеня па кастрычнік 6,8%. Беларусь атрымала доступ на міжнародныя рынкі капіталу, выпусціўшы еўрааблігацыі. Дасягнуты таксама некаторыя поспехі ў галіне структурных рэформ».

 

На думку МВФ, банкруцтва Беларусі пакуль не пагражае. У выпадку пагаршэння сітуацыі, МВФ можа разгледзець пытанне аб дадатковай фінансавай падтрымцы Беларусі ў студзені наступнага года. У той жа час рашэнне МВФ, не выключана, будзе звязана з ацэнкай заходнімі краінамі выбараў. Краіны Захаду маюць у МВФ кантрольны пакет.

Крыніца: "Наша Ніва"

Навіны па тэме