Давайце разам ствараць будучыню нашай Беларусі

17.11.2010, 11:51  |  Галоўныя навіны, Навіны, БХД

Зварот прэтэндэнта на пост прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Віталя Рымашэўскага да беларускай моладзі з нагоды святкавання 17 лістапада Міжнароднага дня студэнта.

 

17 лістапада ва ўсім свеце адзначаецца Міжнародны дзень студэнта, які мае цесную сувязь са змаганнем студэнтаў розных краін за свабоду, дэмакратыю і незалежнасць сваёй Бацькаўшчыны. Перад намі, беларусамі, на пачатку ХХІ ст. таксама стаяць шмат у чым падобныя задачы, калі мы на працягу апошніх шаснаццаці гадоў часта вымушаны былі адстойваць незалежнасць нашай краіны і змагацца за вяртанне Беларусі на дэмакратычны шлях развіцця.

 

У кожнай вядучай краіне свету заробак чалавека ў значнай ступені залежыць ад яго адукацыі і атрыманых ведаў. Мы сутыкнуліся з праблемай, калі дыплом аб атрыманні вышэйшай адукацыі не гарантуе ў Беларусі ні ўладкавання на прыстойную працу, ні атрымання прыстойнага заробку. Зараз людзі з вышэйшай адукацыяй ідуць працаваць не па сваёй спецыяльнасці, часам простымі работнікамі, слесарамі ці нават падсобнікамі, таму што маюць магчымасць зарабіць такім чынам значна больш, чымсці ў сваёй прафесійнай сферы.

 

Толькі са зменай сённяшняга вышэйшага кіраўніцтва ў Беларусі змогуць адбыцца станоўчыя зрухі ў сферы вышэйшай адукацыі і моладзевай палітыцы. Дыктатуры не патрэбны індывіды з высокім узроўнем інтэлекта, актыўныя і адукаваныя грамадзяне: падтрымка такога рэжыму – гэта насельніцтва, якім можна лёгка маніпуляваць. Менавіта таму прэстыжнасць вышэйшай адукацыі ў нашай дзяржаве адна з самых нізкіх у свеце.

 

Мы, беларускія хрысціянскія дэмакраты, лічым падобную сітуацыю ганебнай і альтэрнатыва гэтаму тупіковаму шляху ёсць!

 

Нашай галоўнай задачай у сферы вышэйшай адукацыі з’яўляецца вяртанне прэстыжнасці вышэйшай адукацыі ў нашай краіне. Дзяржава павінна стварыць належныя ўмовы для самарэалізацыі кожнага, калі чалавек будзе ведаць, што з павышеннем кваліфікацыі будзе забяспечана павелічэнне дабрабыту яго сям’і.

 

Неабходна паскорыць далучэнне Беларусі да Балонскага працэсу, а не імітаваць гэты працэс, як гэта робіць сённяшняе кіраўніцтва. Гэта дазволіць спецыялістам з беларускімі дыпломамі быць канкурэнтымі не толькі ў Беларусі, але і ў Еўропе.

 

Мы лічым несправядлівым рашэнне дзеючага кіраўніцтва дзяржавы аб пазбаўленні ўсіх льготаў беларускіх студэнтаў. Нават у самых ліберальных краінах, дзе роля дзяржавы максімальна абмежавана, існуюць льготы для маладых людзей да 26 гадоў. Падобная падтрымка павінна быць і ў беларускай моладзі!

 

Мы выступаем супраць сучаснага варыянта “прыгоннага права” ў Беларусі – прымусовага размеркавання. Замест прымусу неабходна ствараць адпаведныя ўмовы для прыстойнай працы і адпачынку маладых спецыялістаў і іх сем’яў у кожным горадзе, мястэчку і вёсцы.

 

Давайце разам ствараць будучыню нашай Беларусі. У гісторыі ёсць нямала прыкладаў, калі супрацьстаянне дыктатарскага рэжыму і студэнства прыводзіла дыктатуру да падзення.  Спадзяюся, што беларуская моладзь здольная ўзяць адказнасць за сваю краіну!

Навіны па тэме