У Сынкавіцкай царкве-крэпасці ў часе рэстаўрацыі з'явілася трэшчына

19.11.2010, 12:14  |  Навіны, Культура

У Сынкавічах Зэльвенскага раёна рамантуюць царкву Святога Міхаіла пачатку XVI ст. У рэдакцыю «НН» трапілі зробленыя месяц таму здымкі, з якіх бачна, як рамантуецца храм. Над новымі дзвярыма па сцяне да самага вакна папаўзла вялізная трэшчына. Па баках ад дзвярэй пашкоджаныя сцены — абабіты тынк, а месцамі пацярпела цагляная кладка. Звонку храма разабралі кантрафорсы і выклалі новыя з сучаснай цэглы. Старая цэгла ляжыць друзам побач.

 

Хто ж займаецца капітальным рамонтам Сынкавіцкай царквы? Замоўцам працаў выступае Упраўленне капітальнага будаўніцтва Гродзенскага аблвыканкама, генпадрадчыкам — УП «Гроднааблсельбуд», падрадчыкам — ААТ «Брэстрэстаўрацыя». Навуковы кіраўнік рэстаўрацыйных працаў — Генадзь Лаўрэцкі, той самы, што займаецца гродзенскай Каложай і царквой Барыса і Глеба ў Навагрудку.

 

На сёння ў Сынкавічах завяршаюцца працы па капітальным рамонце даху і рэстаўрацыі фасаду храма. Арганізатары працаў наракаюць на нястачу грошай, выдзеленых з рэспубліканскага бюджэту. Іх хапіла толькі на рамонт даху і некаторыя касметычныя працы. А згодна планаў да канца года трэба скончыць аднаўленне і кансервацыю вежаў царквы-крэпасці. Мясцовыя вернікі мала чым могуць дапамагчы царкве, бо прыход складаецца з трох невялікіх вёсак. Зрэшты, было б дзіўным, калі б адной з першых гатычных праваслаўных цэркваў мусілі апекавацца выключна яе вернікі.

 

Рамонт сынкавіцкай царквы выклікае пытанні, слушныя і ў дачыненні да іншых падобных па каштоўнасці архітэктурных аб’ектаў. Чаму працы ў царкве, помніку нулявой катэгорыі, выконвае ўнітарнае прадпрыемства «Гроднааблсельбуд»? Чаму пры гэтым выкарыстоўваюцца сучасныя будаўнічыя матэрыялы? Старшыня Таварыства аховы помнікаў Антон Астаповіч тлумачыць, што згодна заканадаўства ў Беларусі ў будаўнічай сферы няма такога віду ліцэнзійнай дзейнасці, як рэстаўрацыя. Іншымі словамі, любая будаўнічая арганізацыя, якая мае ліцэнзію на працы, можа выконваць рамонт і рэстаўрацыю на аб’ектах любой катэгорыі. Колькасць будаўнічых арганізацый, якія займаюцца рэстаўрацыяй, у краіне можна пералічыць на пальцах адной рукі.

 

***

 

Царква Святога Міхаіла ў Сынкавічах — пачатак XVI ст. Помнік нулявой катэгорыі. Адзін з першых абарончых храмаў ВКЛ, выкананы ў гатычным стылі. Па адной з версій, фундатарам царквы з’яўляўся гетман ВКЛ Канстанцін Астрожскі. У 20-я гады ХХ стагоддзя быў перароблены ў каталіцкі касцёл. У 1990 г. вернуты праваслаўным вернікам. На сёння прыход царквы аб’ядноўвае тры навакольныя вёскі.

Крыніца: "Наша Ніва"

Навіны па тэме