БАЖ просіць правесці слуханні па пытанні свабоды СМІ ў Беларусі

19.11.2010, 13:55  |  Навіны, Палітыка, Грамадства

На пасяджэнні камісіі па палітычных пытаннях Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы намеснік кіраўніка Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Аляксандраў прапанаваў правесці слуханні па пытанні свабоды СМІ ў Беларусі.

 

На пасяджэнні Аляксандраў казаў пра тое, што без свабоды слова немагчыма правесці свабодныя выбары.

 

"Падчас выбараў важнасць свабоды прэсы і свабоды слова павышаецца ў разы, паколькі прэса з’яўляецца пляцоўкай грамадскай дыскусіі пра тое, якімі шляхам павінна ісці грамадства, як яно павінна развівацца. І калі няма свабоды СМІ, калі абмяжоўваецца свабода выказванняў, калі такой дыскусіі не вядзецца, то ў прынцыпе свабодных выбараў быць ня можа", — заявіў Аляксандраў у інтэрвію БелаПАН.

 

Ён нагадаў удзельнікам пасяджэння пра ціск на мэдыі, пра адмовы ў рэгістрацыі грамадска-палітычных выданняў. Акрамя таго, паводле прадстаўніка БАЖ, шэраг недзяржаўных СМІ да гэтага часу ня могуць патрапіць у дзяржаўную сыстэму распаўсюду.

 

Аляксандраў таксама паведаміў, што па беларускім пытанні адбылася "досыць эмацыйная дыскусія". "Лідэр КПРФ Генадзь Зюганаў зрабіў прамову, у якой апісаў Беларусь як рай зямны. Але больш за ўсё было пытаньняў пра дзейнасьць палітычных партыяў. Задаваліся пытаньні, чаму дзейнаму прэзыдэнту супрацьстаяць адразу дзевяць кандыдатаў, і гэтак далей", — паведаміў Аляксандраў.

 

"Што ж тычыцца СМІ, то было аднадушнае меркаванне: парушэнні ў гэтай сферы і далёкі ад дэмакратычнасці стан сёння з’яўляюцца фактам", — адзначыў намеснік кіраўніка БАЖ Андрэй Аляксандраў.

Навіны па тэме