У Гомелі прайшла вечарына памяці Наталлі Арсенневай

22.11.2010, 14:38  |  Навіны, Грамадства

Вечарына памяці беларускай паэткі Наталлі Арсенневай прайшла 21 лістапада ў Гомелі. Арганізатарам мерапрыемства выступіў бард Андрэй Мельнікаў.

 

Ён адзначыў, што ў біяграфіі вядомай паэтэсы ёсць дзве даты нараджэння — 20 верасня і 20 лістапада. У прыватнасці, у кнізе "Між берагоў", выданай у 1979 годзе ў ЗША, датай нараджэння ўказана 20 лістапада 1903 года. "Хоць афіцыйным днём нараджэння лічыцца 20 верасня, сама паэтэса не аспрэчвала і дату 20 лістапада, пазначаную ў кнізе, выданай пры яе жыцці. Так што можам лічыць, што і гэта дата мае права на існаванне", — сказаў Мельнікаў.

 

Бард нагадаў прысутным пра асноўныя біяграфічныя звесткі паэткі, яе творчы шлях, спыніўшыся на момантах, як Арсеннева стала свядомай беларускай, патрыёткай, як на яе творчасць паўплывалі ссылка ў Казахстан, Другая сусветная вайна, як з аўтара лірычных твораў яна перарасла ў паэта-патрыёта, які ўслаўляе беларускую культуру і гісторыю.

 

Мельнікаў выканаў некалькі песень на вершы Арсенневай, а завяршылася вечарына калектыўным выкананнем гімна "Магутны Божа".

 

Бард паабяцаў, што цяперашняе мерапрыемства — першае ў цыкле сустрэч, прысвечаных беларускім паэтам і празаікам, якія плануецца правесці найбліжэйшым часам. "Мы будзем успамінаць не ўсіх паэтаў, а тых, хто вызначыўся як служыцель. Служыцель не ў кананічным сэнсе, а хто служыў сваёй творчасцю Богу, людзям, радзіме. Успомнім тых, хто ўжо пакінуў нас і хто яшчэ жывы і стварае, тых, хто засведчыў сваю прыналежнасць да царквы, прыналежнасць да служэння, пачынаючы з Купалы і Коласа і завяршаючы Анатолем Сысом", — адзначыў Мельнікаў.

 

Наталля Арсеннева (Кушаль) — паэтка, перакладчыца, драматург. Нарадзілася ў 1903 году ў Баку. Скончыла Віленскую беларускую гімназію. У 1940 годзе як жонка палоннага польскага афіцэра была выслана з сынамі ў Казахстан. У маі 1941 года вярнулася з ссылкі ў Мінск. У акупаваным горадзе супрацоўнічала з "Беларускай газетай". Напісала некалькі лібрэта да опер, займалася перакладамі. У 1944 годзе эмігравала ў Германію, з 1949-га жыла ў ЗША, дзе памерла ў 1997 годзе.

Алена Германовіч.

Крыніца: БелаПАН

Навіны па тэме