Незалежнасьць

06.12.2010, 16:48  |  Жывая кніга Паўла Севярынца, БХД

“НЕ – ЗА – ЛЕЖ – НАСЬЦЬ!” – скандавалі беларускія маніфэстацыі эпохі развалу Савецкага Саюза.

 

Незалежнасьць! – гэта крык душы белай Беларусі, якой неабходна застацца чыстай сярод бруду, крыві й гвалту.

 

Незалежнасьць! – тое, што жыло ў напружаных жылах жаўнераў Слуцкага чыну, што вышыбалі зь беларускіх галоваў стрэламі ў патыліцу, што вырывалі, быццам прызнаньні на допытах, цэлымі старонкамі зь беларускай паэзіі й прозы.

 

Незалежнасьць! – так гучыць у беларускім вымярэньні Божы цуд вольнае волі, свабоды выбару й асабістае адказнасьці.

 

Імкненьне да дзяржаўнай незалежнасьці – імпэратыў беларускай гісторыі. Самастойнасьць, саматоеснасьць, самасьвядомасьць былі абавязковай умовай рэалізацыі нацыянальнай ідэі. У розных іпастасях незалежнасьці – Полацкім княстве, Залатым веку ВКЛ, БНР, Рэспубліцы Беларусь – мы дасягалі вяршыняў. Вуніі й саюзы, аслабляючы незалежнасьць, у выніку разбуралі цэласнасьць нацыі. Наяўнасьць незалежнай, сьвядомай, духовай Беларусі ў геапалітычным цэнтры Эўропы заўжды ўспрымалася імпэрыямі як яўная пагроза.

Самыя вядомыя героі беларускай гісторыі – змагары за незалежнасьць. Усяслаў Чарадзей адстойваў незалежнасьць ад Кіева й Ноўгарада, Вітаўт – ад крыжакоў і татараў, Леў Сапега – ад Польшчы й Масквы.

 

Беларусы зь іх генэтычна закладзенай вострай недастатковасьцю незалежнасьці, рабіліся галоўнымі героямі паняволеных народаў. Тадэвуш Касьцюшка ваяваў за незалежнасьць ЗША ад Ангельшчыны, а Рэчы Паспалітай ад Расеі; Юзаф Пілсудзкі вёў да свабоды Польшчу; Зыгмунт Мінейка біўся супраць турэцкае акупацыі Грэцыі.

 

Каліноўскі, Купала, Пазьняк – ідэолягі беларускай незалежнасьці.

 

Прынцып адасобленасьці, аддзяленьня сябе ад іншых, усьведамленьня сваёй адметнасьці ёсьць асновай паняцьця “нацыя”. Богаабраны Ізраіль – найстражытнейшая нацыя, прыналежнасьць да якой патрабавала выкананьня 10 запаветаў – ахоўваў сваю асобнасьць нават у дробных дэталях быту. Гэта дазволіла габрэям захавацца ў двухтысячагадовым расьсеяньні й застацца найбольш упловым народам у сьвеце. Для нацыяў духовага гатунку – а да такіх, безумоўна, належаць беларусы – паняцьце незалежнасьць набывае зьмест, параўнальны зь біблейскай сьвятасьцю.

 

Адасабленьне, чысьціня дзеля выкананьня свайго пасьвячэньня!

 

У 90-х гг XX ст. незалежнасьць Беларусі дасталася літаральна цудам. Сучасьнікі так і казалі: “звалілася зь неба”. Але ў гэтым і ёсьць сэнс беларускай незалежнасьці – яна нам дадзеная звыш.

 

“Незалежнасьць!” – гэтага беларускага слова панічна баяцца ў Крамлі й расейскім Генштабе. Незалежнасьць – гэта пляцдарм. Каб зьмяніць Эўропу і збавіць Расею, Беларусь мусіць быць незалежнай.

 

Сучасны выклік, кінуты нацыянальнай ідэі глябалізацыяй, робіць незалежнасьць толькі яшчэ больш каштоўнай, больш надзённай, больш жаданай. Імпэрыі й гіганцкія карпарацыі кідаюць гэты выклік проста нам у твар. Таму наш адказ – усе разам, і яшчэ раз:

 

— НЕ – ЗА – ЛЕЖ – НАСЦЬ!

Навіны па тэме