“Магілёўская праўда” адмаўляецца друкаваць праграму Рымашэўскага

07.12.2010, 18:14  |  Навіны, БХД, Палітыка

На сённяшні дзень дзяржаўная абласная газета “Магілёўская праўда” застаецца адзіным выданнем, што адмаўляецца друкаваць перадвыбарчую праграму кандыдата ў прэзідэнты ад БХД Віталя Рымашэўскага.

 

Прэтэнзіі рэдакцыі выклікаў радок, дзе Віталь Рымашэўскі прызывае выбаршчыкаў прыйсці на Кастрычніцкую плошчу 19 снежня. Галоўны рэдактар газеты Аляксандр Тарпачоў не хоча браць на сябе адказнасць надрукаваць гэты прызыў на старонках газеты. З іншага боку, ён не хоча самовольна ўносіць праўкі ў тэкст праграмы; на яго думку, гэта павінен зрабіць штаб кандыдата. Таму рэдактар будзе звязвацца з ЦВК, каб высветліць, хто і як павінен зрабіць праўкі ў праграме кандыдата.

 

У штабе Віталя Рымашэўскага заяўляюць, што яны прадаставілі перадвыбарчую праграму да 28 лістапада, як і прадугледжвае заканадаўства, а зараз уносіць нейкія праўкі яны не маюць права.

 

Нагадаем, перадвыбарчы штаб Віталя Рымашэўскага накіраваў праграму кандыдата ў 11 дзяржаўных газет. Гэта 4 цэнтральныя – “Советская Белоруссия”, “Звязда”, “Рэспубліка” і “Народная газета”, 6 абласных – “Віцебскі рабочы”, “Гомельская праўда”, “Гродненская праўда”, “Мінская праўда”, “Магілёўская праўда” і “Заря”, а таксама газета горада Менска “Мінскі кур’ер”. На дадзены момант праграма надрукавана ва ўсіх цэнтральных газетах, у “Мінскім кур’еры”, “Віцебскім рабочым”, “Гомельскай праўдзе”, “Гродненскай праўдзе” і “Мінскай праўдзе”. Брэсцкая абласная газета “Заря” абяцае надрукаваць праграму ў чацвер.

 

Трэба адзначыць, што пытанні да тэксту перадвыбарчай праграмы Віталя Рымашэўскага былі і ў іншых выданнях. Але пасля яе друку ў “Советской Белорусии”, дзе рэдактар самавольна выкінуў радок пра плошчу, гэтыя ж дзеянні паўтарылі і іншыя газеты. Акрамя таго, “Заря” адмовілася друкаваць радкі, якія, на іх думку, дыскрэдытуюць дзейсную ўладу. Гэта згадкі пра раённую і абласную мафію, праблемы Чарнобыля і іншае.

Навіны па тэме