Затрыманьні ля Акрэсьціна за калядныя сьпевы ў вечар на Раство

24 снежня 2010 23:33  |  Навіны

Як мінімум 3 чалавек затрымалі каля ізалятара на Акрэсьціна за сьяваньне традыцыйных беларускіх хрысьціянскіх калядак – акцыю салідарнасьці зь вязьнямі, якую на заклік БХД правялі болей за 20 чалавек увечары на Раство.

Затрыманьнямі кіраваў намесьнік начальніка ўпраўленьня грамадзкай бясьпекі менскай міліцыі Яўсееў. 

Акцыя праходзіла мірна. Тыя, хто сабраўся а 19-00 на Акрэсьціна, запалілі сьвечкі і сьпявалі пад сьценамі турмы калядныя сьпевы. Але Яўсееў запатрабаваў, каб актывісты адышлі на 500 мэтраў ад ізалятара. Удзельнікі акцыі адышліся далей, але працягвалі сьпяваць калядкі. У адказ вокнаў ізалятара пачуўся вокліч “Жыве Беларусь!”.

 

Калі пасьля заканчэньня калядных сьпеваў яны сталі разыходзіцца, іх пачалі затрымліваць. Паводле інфармцыі «Нашай нівы», сярод затрыманых —  Міхась Мацкевіч і Вольга Дамарад. Таксама затрыманы сябра Маладога Фронту Алесь Кіркевіч. Не адказваюць тэлефоны і ў Антося Котава, які прыйшоў на акцыю з траўмай галавы, атрыманай пры нядзельным разгоне на Плошчы.

 

Напярэдадні Раства хрысьціяне з БХД ініцыявалі збор Бібліяў і Новых Запаветаў, каб падтрымаць арыштантаў Акрэсьціна, якія сёньня паспрабавалі перадаць вязьням праз сьвятара. Супрацоўнікі Акрэсьціна не прусьцілі яго, запатрабаваўшы адмысловы дазвол на гэта кіраўніка менскай Міліцыі.

 

Нягледзячы на ўсё гэта, сябры БХД і заўтра, 25 сьнежня, у сьветлае сьвята Нараджэньня Хрыстовага зьбіраюцца працягнуць калядную акцыю падтрымкі вязьняў Плошчы і заклікаюць прыйсьці ў 19-00 да ІЧУ Менскага на вул. Скарыны, 20, дзе ўтрымліваюцца жанчыны. Але вялікая просьба да ўсіх, хто зьбіраецца прыйсьці, зьбірацца ўчас, не спазьняцца і не баяцца. Чым больш нас будзе, тым цяжэй будзе нас разагнаць, спужаць і схапіць па-аднаму. Толькі ў адзінстве і салідарнасьці можна перамагчы цемру, гвалт і беззаконьне, якія ўжо перамог Сваёй крыжовай сьмерцю Нованароджаны Хрыстос. 

 

Паводле “Радыё Свабода” і ўласнай інфармацыі

 

Фота на сайце “Радыё Свабода”

Болей навін