Партызанка

27.12.2010, 11:31  |  Жывая кніга Паўла Севярынца, Навіны, БХД

"Беларусь – партызанскі край," – скажуць жа, як адрэжуць!

 

Беларуская партызанка, 374 тысячы байцоў плюс паўмільёны сувязных, разьведчыкаў, памочнікаў, сапраўды ўяўляла сабой найбольш масавы рух супраціву гітлераўскай акупацыі на тэрыторыі СССР у гады II Сусьветнай вайны.

 

Уласна кажучы, беларусы партызанілі ўсю сваю гісторыю. Няўлоўнае лясное войска наводзіла жах на любога ворага: ад крыжакоў і татараў да Масквы і Гітлера.

 

Упершыню шырокі партызанскі рух узьнік у Беларусі падчас Невядомай вайны 1654-67 гг., калі супраць татальнай маскоўскай агрэсіі й рабаваньняў мірнага насельніцтва паўсталі сялянскія атрады "шышоў". З тае пары ўсялякі акупант – расейскі, францускі, швэдзкі, нямецкі – сутыкаўся зь дзіўнай зьявай. Беларусы моўчкі сыходзілі ў лес. Потым пачыналі зьнікаць коні, стрэльбы, жаўнеры. А потым адкрываліся й баявыя дзеяньні – праз платы, з-за дрэваў, на дарогах.

 

Беларуская партызанка – гэта цэлая армія "Зялёнага дубу" часоў грамадзянскае вайны, што дзеіла паміж белымі й чырвонымі – з атаманамі Кудзяярам, Карчом, Дзергачом, 48-мю буйнымі й 25-цю дробнымі атрадамі, сотнямі баявых акцыяў і цэлымі раёнамі, дзе да сярэдзіны 20-х гадоў паўстанцы трымалі ўладу.

 

Беларуская партызанка – гэта "Чорны кот" генэрала Вітушкі са штабам у Налібоках, які на адну ноч у сакавіку 1948 г. з 500 байцамі заняў Наваградак.

 

Беларуская партызанка – гэта і рэфлекс паводзінаў у стрэсе, і абарона ад псыхалягічнай агрэсіі, і фэномэн усенароднай вызвольнай барацьбы. Партызанка супрацоўвае як гадзіньнікавы мэханізм і разгортваецца адразу.

 

Ужо на пяты дзень вайны пад Пінскам утварыўся першы партызанскі атрад. На працягу аднаго месяца вайны на тэрыторыі Беларусі сфармавалася ўжо больш за 100 атрадаў і групаў агульнай колькасьцю больш за 2,5 тысячаў чалавек. Увосень 1943 г. партызаны кантралявалі 60% тэрыторыі акупаванай Беларусі.

 

Нацыянальны супраціў тоіцца ў глыбіні душы, сярод гушчараў і балотаў, у самых нетрах – і таму ён практычна непераможны. Партызанка ёсьць станам беларуса, якога дасталі.

Калі беларусы пачынаюць партызаніць – хавайся ў бульбу. За тры гады вайны беларускія партызаны падарвалі й пусьцілі пад адхон 11 128 эшалонаў, разграмілі 948 штабоў і гарнізонаў, зьнішчылі 18,7 аўтамабіляў, 1355 танкаў ды БТРаў. За адну толькі ноч з 2 на 3 жніўня 1943 г. узарвалі 42 тысячы рэек. У партызанскай вайне ў Беларусі Гітлер страціў больш за 500 тысячаў чалавек забітымі й параненымі.

 

“Партызаны, партызаны, беларускія сыны, – напісаў тады Янка Купала – рэжце гітлерцаў паганых, каб ня ўскрэсьлі век яны!"

 

У "Энцыкляпедыі Беларусі ў Вялікай Айчыннай вайне" пералік адных толькі партызанскіх злучэньняў займае 89 старонак, набраных дробным шрыфтам. І, між іншым, паведамляецца, што большасьць партызанаў складала моладзь 18 -25 гадоў.

 

Беларускія палявыя камандзіры зрабіліся галоўнымі героямі вайны. Леў  Даватар праводзіў са сваім атрадам фантастычныя апэрацыі ў тыле ворага. Пятро Машэраў, настаўнік з Расонаў, пайшоў у партызаны з усёй сваёй 10-й клясай – і завершыў вайну камандзірам брыгады. Мінай Шмыроў, легендарны “Бацька Мінай” з-пад Віцебска, калі гітлераўцы узялі ў закладнікі ягоных жонку й дзяцей, і запатрабавалі здацца – ахвяраваў сям’ёй, каб граміць ворага.

 

Лідэры партызанкі – Сурганаў, Казлоў, Машэраў – у пасьляваенны час сталі кіраўнікамі рэспублікі.

 

Вэрмахт панічна баяўся беларускіх партызанаў, гэта факт. Толькі ў зімку 1943-44 гг. супраць іх было кінута 10 вайсковых дывізіяў. Але ўсюдыіснасьць, імклівая манэўравасьць, валоданьне ініцыятывай, раптоўныя паражаючыя ўдары – тактыка сучасных баявых апэрацыяў – паралізавалі нямецкую машыну ў вырашальныя этапы вайны. Змрочны германскі геній распрацаваў дзясяткі карных апэрацыяў – “Балотная ліхаманка”, “Сонцастаяньне”, “Чароўная флейта”, “Такавішча цецерукоў” – але яму так і не ўдалося зьнішчыць ніводнага атраду, ніводнае брыгады.

 

Бо беларусы не ваююць – яны партызаняць.

 

Беларусы не адступаюць – яны сыходзяць у лес.

 

Беларусы не адпраўляюць акупанта з чамаданам на вакзал – яны адразу ўзрываюць рэйкі.

 

Таму шалёная папулярнасьць сярод беларускай моладзі хіта NRM “Партызанская” на мяжы ІІІ тысячагодзьдзя – гэта ніякі ня шоў-бізнэс, а ясны сыгналь. Для любога акупанта.

Навіны па тэме

Фото юзера Аўген
Аўген 02.01.2011
Спадар Павал!
Не магу зразумець, навошта Вы прыводзіце ў прыклад змагання за Беларусь прадстаўнікоў варожай нашай Радзіме ўлады? Няўжо Машэраў і кампанія, якія руйнавалі пасля вайны нашы цудоўныя архітэктурныя помнікі ( цэрквы і касцёлы ў тым ліку ), знішчалі нашую свядомасць і нацыянальную памяць, маюць права на існаванне ў Вашай ідэалогіі хрысціянаў-змагароў за Радзіму? Да якога часу мы будзем вызначацца з пытаннем: хто чужы, а хто свой? І яшчэ: знайдзіце чалавека, які высвятліць нарэшце, што там адбывалася ў 1948 і не толькі. Ужо надакучыла выкрываць хлусню і фільтраваць казкі "заслужаных народных пісьменнікаў айчыннай гісторыі". Спадзяюся, што паведамленне дойдзе да Вас і падштурхне да пэўных разважанняў.
Фото юзера ManoloMorenoT
ManoloMorenoT 24.02.2011