Родныя вязьняў "амэрыканкі" аб'ядналіся ў камітэт "Вызваленьне" і зьвярнуліся да міжнароднай супольнасці (Відэа)

30.12.2010, 23:34  |  Навіны, БХД, Свет, Палітыка

Сваякі арыштаваных па крымінальнай справе аб падзеях 19 сьнежня ў Менску стварылі грамадзкі камітэт "Вызваленьне". Асноўная яго мэта – дамагацца вызваленьня ўсіх тых, хто знаходзіцца ў СІЗА КДБ і каго падазраюць у датычнасьці да масавых беспарадкаў у Менску. У камітэт увайшлі жонкі, бацькі і дзеці зьняволеных кандыдатаў на прэзыдэнта і іх паплечнікаў.  Яны ўжо накіравалі ліст кіраўніцтву Расеі, краін Эўразьвязу і ЗША з заклікам паспрыяць вызваленьню палітвязьняў.

 

Вольга Бандарэнка, жонка зьняволенага Зьмітра Бандарэнкі распавядае: "Мы лічым, што мы павінны трымацца разам – сваякі ўсіх дваццаці чалавек, якія арыштаваныя. Мы лічым, што была відавочная правакацыя, калі штурмавалі будынак, і ўсе выстаўленыя абвінавачаньні – абсурдныя. Таму мы зьбіраемся змагацца за вызваленьне нашых родных".

 

 

Наста Чэрнік-Рымашэўская, жонка экс-кандыдата ў прэзыдэнты ад БХД Віталя Рымашэўскага, распавядае пра свае няспраўджаныя спадзяваньні: "Учора заставалася хоць нейкая надзея, што перад сьвятамі хоць кагосьці выпусьцяць, але такое бывае толькі ў казцы. Але мы жывем не ў казцы, а ў злачыннай краіне, дзе пануе гвалт і страх."

 

Гаворыць Ала Ўладзімераўна, маці Андрэя Саньнікава: "У мяне няма слоў, каб выказаць абурэньне: калі чалавек ідзе кандыдатам на прэзыдэнта, калі адчувае, што можа зрабіць зьмены, каб краіна квітнела, дык за гэта шлях у турму? За што? Гэта была мірная дэманстрацыя, і зрабіць такую правакацыю, а пасьля гэтак зьбіць – гэта ня вытрымаць. І самае галоўнае для нашай сям'і зараз, што мама і тата маленькага дзіцяці зараз у турме. Як можна было? Хоць бы маму выпусьцілі – гэта такая жорсткасьць! Калі ўлада жадае дабра людзям сваёй краіны, яна павінна паводзіцца прыстойна".


Грамадзкі камітэт мае намер зьвярнуцца да Папы Рымскага, а таксама рыхтуе зварот у міжнародны Чырвоны крыж, каб гэтая арганізацыя паспрыяла мэдычнай дапамозе палітвязьням. Бо, як паведамляюць сваякі арыштаваных, праз адвакатаў яны ведаюць, што многія зьняволеныя маюць патрэбу ў мэдычнай дапамозе.

 

Вольга, жонка Ўладзімера Някляева сур'ёзна непакоіцца пра здароўе мужа: "Самае страшнае, што мірныя дэманстранты былі зьбітыя і кінутыя за краты КДБ. Уявіце: зьбітых людзей зьмясьцілі ў нечалавечыя ўмовы. Учора ў майго мужа здарыўся гіпэртанічны крыз. Ён сказаў адвакату, што яго там проста дабіваюць".

 

Заснавальнікі камітэту "Вызваленьне" зьвярнуліся таксама з заклікам да грамадзкасьці выступіць супраць гвалту, які адбываецца адносна ўсіх зьняволеных удзельнікаў акцыі пратэсту. Гаворыць Уладзімер Халіп, бацька зьняволенай Ірыны Халіп:
"Нашымі рукамі: нашай маўклівасьцю, нашай абыякавасьцю ўсё гэта зроблена. Сёньня яны ўваліліся да нас, а заўтра яны ўваляцца да вас. 19 сьнежня адбыліся ня выбары – 19 сьнежня здарыўся пераварот і абрынулася заканадаўства. На гэтых выбарах не перамог ніхто з кандыдатаў, а перамог спэцназ. Зразумейце – гэта не праблема нашых сем'яў, а праблема нашай краіны. І калі мы нічога ня зробім, будзем на ўсё глядзець моўчкі, то нас чакае такі змрок, які ня сьніўся нават у 30-я гады".


Пра падтрымку камітэту "Вызваленьне" заявілі прадстаўнікі грамадзкіх, палітычных і праваабарончых арганізацыяў.

Навіны па тэме