БХД ВІНШУЕ З НОВЫМ ГОДАМ!

31 снежня 2010 21:28  |  Галоўныя навіны

Дарагія сябры, браты і сёстры! Xрысціянскія дэмакраты! Віншуем вас з надыходам Новага 2011 года!

 

2010 год быў вызначальным для ўмацавання БХД як Партыі. Была праведзеная яскравая кампанія мясцовых выбараў, па выніках якой, нягледзячы на фальсіфікацыі і ціск, тры сябры аргкамітэту БХД сталі дэпутатамі мясцовых саветаў. Па выніках гэтай кампаніі была створаная “Рада Народных Дэпутатаў”. 12 верасня адбыўся ІІІ З’езды БХД. Былі пададзены дакументы на рэгістрацыю. Працягвалі сваю працу кампаніі “Люблю Беларусь”, “Моцная сям’я – моцная Беларусь”, кампанія “Пакаянне”. БХД павялічыла свае шэрагі ў некалькі разоў.

 

Вядома, асобна ў гэтым годзе стаіць прэзідэнская выбарчая кампанія. Неглядзячы на скепсіс нашых “паплечнікаў” мы здолелі добра арганізаваць людзей ў ініцыятыўную групу. Прыклаўшы неверагодныя намаганні, здолелі сабраць больш за 104.000 подпісаў. Правялі актыўную агітацыйную кампанію. Падчас кампаніі да БХД далучыліся больш за 1400 новых сябраў.  Прынялі ўдзел у Плошчы 2010.

 

Так, безумоўна зараз свята. Але шмат у каго з нас зараз няма святочнага настрою. За кратамі, пад адміністратыўнымі арыштамі, застаюцца шмат сябраў БХД. У турме КДБ па бязглуздых крымінальных абвінавачваннях знаходзяцца сябры БХД Наста Палажанка і Зміцер Дашкевіч, нашыя лідэры – Віталь Рымашэўскі і Павал Севярынец.Але дарагія сябры, на парозе 2011 года мы верым, што ў хуткім часе будуць вызваленыя ўсе лідэры і сябры нашай Партыі, сябры іншых партыяў ды рухаў, што Госпад дабраславіць і вызваліць нашую краіну і наш народ. У новы год мы ўваходзім з новымі сіламі – каб Верай, Надеяй і Любоўю перамагчы страх, нянавісць і абыякавасць.

 

Жыве Беларусь – жыве з Богам!

 

Экстраны кіраўнічы штаб БХД

Болей навін