Расейская імпэрыя

10.01.2011, 14:36  |  Жывая кніга Паўла Севярынца, Навіны, БХД

Расея стала Расейскай Імпэрыяй толькі тады, калі ўзламала Беларусь. Расея стала імпэрыяй культуры толькі тады, калі прыўласьціла Беларусь. Расея перастала быць сусьветнай імпэрыяй толькі пасьля таго, як гэта вырашылі ў Беларусі.

 

Стагодзьдзі войнаў ды акупацыяў прызвычаілі нас глядзець на Расею або па-рабску, або варожа, спадылба, і бясьсіла ўглядацца вакол: скрозь мат, расейшчына й улада Крамля. Але Госпад Бог невыпадкова даў нам супэрсуседа – самую буйную краіну ў сьвеце. Дзяржава, якая жыве паводле прынцыпу Кацярыны: "Людзі народзяцца, а землі – не", адкрывае для беларускай місіі велізарныя прасторы Азіі. Беларусь адзіная, хто можа перамагчы ў Расеі імпэрыю.

 

Супрацьстаяньне Расеі й Беларусі – з разраду эпічных бітваў чалавечае гісторыі. Так змагаліся Ірляндыя з Ангельшчынай, Сэрбія з асманамі або Ізраіль з Рымам. З XV ст. Масква, якой не давала спакою найменьне галоўнай, незалежнай, сьвятой Белай Русі, спрабавала праглынуць і ператравіць Беларусь, а Беларусь у адказ спрабавала ператварыць Расею хрысьціянскім уплывам, культурай і, урэшце рэшт, самаахвярнасьцю.

 

Вялікае Княства Маскоўскае мангола-татарскае іга выхавала як дэспатыю ардынскага кшталту. Ужо ў XV ст. Масква ўзяла шлюб са сьмяротна хворай Бізантыяй, абвесьціла сябе Трэцім Рымам і распачала агрэсіўныя войны, а ў часы Івана Жахлівага набыла пазнавальныя абрысы: "Чудище обло, озорно, стозевно и лайяй!.."

 

Іван сапраўды аказаўся жахлівы. Геапалітычнае сутыкненьне з ВКЛ і суперніцтва за славянскае лідэрства раз і назаўжды зрабілі Беларусь галоўнай праблемай Расейскай імпэрыі на шляху экспансіі ў Эўропу, галаўным болем крамлёўскае ваеншчыны й насычэньнем галоднае Расеі працоўнай сілай, гарматным мясам ды вялікімі талентамі.

 

Ужо тады Беларусь, адчайна абараняючы ўсходнія межы, намагалася перамагчы імпэрыю эвангелізацыяй. Скарына павёз у Маскву Бібліі – спалілі. Федаровіч і Мсьціславец усё-ж такі распачалі тут друк Сьвятога Пісьма – выгналі. У гэты ж момант цар нанёс удар у сэрца Полацку. Іскры беларускай Рэфармацыі запальвалі сярод расейскіх мяшчанаў агмяні, гатовыя выклікаць выбух – але апрычніна й артадоксы тут жа гасілі іх на калох і дыбах.

 

Імпэрыя ўжо ацаніла сілу супраціўніка. Адгэтуль яе глябальнай мэтай стала поўнае й безагаворачнае зьнішчэньне Беларусі. У страшнай вайне 1654 – 67 гг. загінуў кожны другі беларус. Паўночная вайна забрала яшчэ 800 тысячаў жыцьцяў. Нарэшце, напрыканцы XVII ст. зьнясіленую да страты прытомнасьці краіну Расея акупавала цалкам.

 

Беларусь усё яшчэ была жывая – і ўсё з той жа непамыснай любоўю да ворагаў прасьвятляла, дабраслаўляла й ратавала Расею. Сімяон Полацкі стварае ў Маскве першую партыю "заходнікаў" і спрабуе выхаваць эўрапейцам малога Пятра I. Мялет Сматрыцкі навучае Ўсход пісьмовасьці, Ільля Капіевіч распрацоўвае для расейцаў шрыфты й падручнікі. Палонныя беларускія рамесьнікі ствараюць шэдэўры духовага мастацтва, ад іканастасаў да саміх абразоў, у маскоўскіх храмах і манастырах...

 

Гэта паражае да глыбіні душы. Нават у апагеі магутнасьці, зь межамі ад Ціхага да Атлянтычнага акіяну, Расейская імпэрыя настолькі баялася маленькай, ледзь дыхаючай Беларусі, што выкараняла і яе мову, і веру, і забараняла нават імя. Скасаваньне Статуту ВКЛ, ліквідацыя вуніі й перайменаваньне ў "Северо-Западный Край" праводзіліся гэнэралам-губэрнатарам Мураўёвым ужо як пахаваньне. Тое, што не дарабіў расейскі штык, мусіла дабіць расейская царква і расейская школа.

 

Але неверагодны Контарнаступ цэлай дыяспары геніяў, якім Беларусь адказала на гэта Расеі ў XIX ст, належыць да найвялікшых цудаў нашай гісторыі. Міхаіл Глінка, аўтар расейскага гімну й заснавальнік расейскае музычнае клясыкі, Хведар Дастаеўскі, самы хрысьціянскі пісьменьнік Расеі, яе прарок, Неміровіч -Данчанка, Стравінскі й Барадзін, Грыбаедаў, Рымскі-Корсакаў, Пісараў, Бунін выклікалі сьветапоглядную рэвалюцыю знутры імпэрыі й літаральна пераплавілі расейскае грамадзтва высокай, натхнёнай, духовай культурай.

 

Параза імпэрыі была прадвырашаная.

 

XX стагодзьдзе вялізнымі крыжамі перакрэсьліла Расею як імпэрыю – менавіта ў Беларусі.

 

У 1898 г. у Менску зьбіраецца I зьезд РСДРП – партыі, якая разбурыць старую Расею да асноваў.

 

У 1915-17 гг. у Магілёве, у стаўцы I Сусьветнай вайны, расейскі цар Мікалай II дачакаецца развалу гіганцкае дзяржавы і вырачацца прастолу, так і не даехаўшы да Піцеру.

 

Потым – Берасьце: заключаецца вядомы “Берасьцейскі мір” бальшавікоў зь немцамі, праз 20 гадоў пасьля якога, з пактам Молатава-Рыбэнтропа вэрмахт і Чырвоная армія наладзяць сумесны парад – і вось, праз 2 гады гітлераўцы возьмуць штурмам Берасьцейскую крэпасьць і накіруюць галоўны ўдар супраць Расеі празь Беларусь.

 

Белавеская пушча 1991 г. падвядзе рысу пад 70-гадовым існаваньнем СССР. Звыш-Расея, што дасягнула кульмінацыі ў самай страшнай за ўсю гісторыю чалавецтва таталітарнай, агрэсіўнай і бездуховай Імпэрыі зла – рухнула на самай мяжы захопленае Беларусі.

 

Прызначэньне Менску сталіцай СНД разбурае астатнюю спробу аднаўленьня Расейскай Імпэрыі.

 

Бо Беларусь любіць Расею той невытлумачальнай, найвышэйшай любоўю, якая сьцьвярджае: “Любіце ворагаў вашых, дабраслаўляйце кляцьбітаў вашых, рабіце дабро ненавісьнікам вашым і маліцеся за крыўдзіцеляў вашых". (Мацьвея, 5:44) Калі ў Расею можна толькі верыць – Беларусь можа толькі любіць.

 

Закон гісторыі: Расеі як імпэрыі наканавана пацярпець крах менавіта праз хрысьціянскую Беларусь. І, адпаведна, празь любоў, малітву й слова Беларусі – ад імпэрскасьці збавіцца.

Навіны па тэме

Фото юзера chill
chill 10.01.2011
"Але Госпад Бог невыпадкова даў нам супэрсуседа – самую буйную краіну ў сьвеце"
Расея аніяк ня самая буйная краіна ў свеце: ані па плошчы, ані па колькасьці насельніцтва, ані па эканоміцы ці чым іншым. І ніколі, дарэчы, не была.
Фото юзера y
y 12.01.2011
па плошчы вучы геаграфiю chill
дарэчы самая жорсткая таталiтарная iмпэрыя ЗША
Фото юзера Siastra
Siastra 16.01.2011
Вавілонская імперыя знішчыла Ерусалім, разбурыла Храм, амаль усё насельніцтва вывела ў палон. А праз некаторы час палонныя габрэі маюць кіруючыя пасады ў імперыі, цар прызнае моц Бога габрэяў, дазваляе вярнуцца на Радзіму, адбудаваць Храм, вяртае нарабаванае, ды яшчэ дадае сродкаў... Гэта не казкі, гэта рэальнасць і дзеі веры. Стары Запавет, Кнігі прарока Ераміі, Данііла, Нэеміі, Ездры...