Рэфармацыя

18.01.2011, 12:35  |  Жывая кніга Паўла Севярынца, Навіны, БХД

Адпаведнік абнаўленьня, абуджэньня, адраджэньня, хрысьціянская Рэфармацыя XVI стагодзьдзя – адна з ключавых зьяваў у гісторыі Беларусі.

 

Рэфармацыя ўзьнялася зь нетраў сярэднявечнай Эўропы, каб вярнуць першапачатковую чысьціню асноўнаму закону жыцьця – хрысьціянству. Рэфармацыя зрабіла пратэстанцкай усю Паўночную Эўропу, дала пачатак дэмакратычным рэвалюцыям, фэномэну Злучаных Штатаў Амэрыкі і, апроч таго, прывяла да найвялікшага беларускага абуджэньня.

 

Сярод эпідэміяў і войнаў Сярэднявечча, на тле разлажэньня папства, гандлю індульгенцыямі, памнажэньня ерасяў і акультызму, з узяцьцем туркамі Другога Рыму, Канстаньцінопалю, і адкрыцьцём Калюмбам Новага Сьвету Рэфармацыя выбухнула масавым пакаяньнем, вяртаньнем да веры й духовым перараджэньнем цэлых народаў.

У сучасных энцыкляпэдыях чытаем: “Рэфармацыя – рух сялянства й маладой буржуазіі супраць фэадальнага ладу з мэтай сэкулярызацыі царкоўнага й манастырскага землеўладаньня...” Толькі ня гэта.

 

У Рэфармацыі было толькі чатыры мэты. Толькі чатыры “толькі”.

 

Sola gratia: толькі ласка Божая!

 

Мы маем жыцьцё й збавеньне ня дзякуючы якомусьці выпадку ці ўласным добрым справам, а выключна зь літасьці Боскай. Sola gratia! – Беларусь, краіна Ласкі Божай, схілялася перад Госпадам, вызнаючы Ягоную волю.

 

Sola fides: толькі вера!

 

Толькі асабістай вераю ў Хрыста можна дасягнуць Царства Нябёснага. Толькі вера ёсьць сілаю, якая ператварае народ у нацыю.

 

Sola scriptura: толькі Сьвятое Пісьмо!

 

Рэфармацыя ўзьняла на сьцяг абсалют Слова Божага. Біблія ставілася ў цэнтр грамадзкага й палітычнага жыцьця, і гэта давала моцны штуршок кнігадрукаваньню, законатворчасьці, асьвеце, адукацыі.

 

Нарэшце, Solо Cristo: Толькі Хрыстос!

 

Рэфармацыя вяртала чалавецтва да Ахвяры Ісуса, ставіла ў прыклад жывую духовасьць раньняга хрысьціянства й заклікала да асабістых стасункаў з Хрыстом – без пасярэднікаў, без абразоў, без сумневаў.

 

Гэтыя Sola – сапраўднае сола ў гімне беларускага Залатога веку й праўдзівая соль беларускай гісторыі.

 

Эра новага эўрапейскага сьвітанку, Рэфармацыя ўспыхнула ў Беларусі адной зь першых. Ужо ў 1413 г. (праз тры гады пасьля Грунвальдскае перамогі над крыжакамі) знакаміты чэх Еранім Праскі, паплечнік Яна Гуса, прапаведваў у Вільні й Віцебску, прычым у прысутнасьці самога Вітаўта. Потым Ераніму гэта прыгадаюць на Канстанцкім саборы: ён будзе спалены, і духовы пажар палыхне разам з вогнішчам.

 

6 жніўня 1517 г. доктар Францыск Скарына пачаў друкаваць Біблію на беларускай мове. Пераклад і камэнтары сталі выклікам тагачаснаму дагматычнаму фарысейству – і яўным пачаткам нацыянальнай Рэфармацыі.

 

31 кастрычніка таго ж рэвалюцыйнага 1517 г. Марцін Лютэр абвесьціў свае знакамітыя 95 тэзаў супраць індульгенцыяў. Рэфармацыя скаланула Германію, затым Швайцарыю, Ангельшчыну, Галяндыю, Францыю, Швэдзію… Уся Эўропа, абуджаная імкненьнем да Бога, у шматгалосьсі малілася Хрысту, каялася й шукала ісьціну. Кірмашы ператвараліся ў багаслоўскія дыспуты, а унівэрсітэты – у храмы.

 

Сапраўдным правадыром Рэфармацыі ў Беларусі стаў Мікалай Радзівіл Чорны. Вясной 1553 г., пасьля пасольства ў ахопленую рэфармацыйным рухам Нямеччыну, віленскі ваявода й найбольш уплывовы магнат ВКЛ, некаранаваны кароль Літвы на ўсю краіну абвесціў, што ён вызнае эвангельскую веру й пераходзіць у кальвінізм.

 

На працягу года Рэфармацыю прынялі Хадкевічы, Сапегі, Кішкі, Агінскія, Пацы, Глябовічы, Вішнявецкія. За некалькі наступных гадоў у Беларусі паўстала больш 300 эвангельскіх збораў. 6 чэрвеня 1563 г. кароль Жыгімонт Аўгуст падпісаў прывілей, які ўраўноўваў усіх хрысьціянаў – і каталікоў, і праваслаўных, і пратэстантаў – у праве займаць дзяржаўныя пасады.

 

Некалькі паказальных фактаў рэфармуюць усю нашу гістарычную сьвядомасць:

 

— у 1523-46 гг. лекцыі Лютэра ў Вітэнбэргу праслухалі 20 студэнтаў-арыстакратаў з ВКЛ; сталае лютэранскае навучаньне дзесяткі шляхцічаў атрымалі ў блізкім унівэрсытэце Каралеўца.

 

— За 1553-63 гг. у Беларусі паўстала больш 200 пратэстанцкіх парафіяў.

 

— У 1576 г. ва ўсёй Жмудзі (каталіцкі рэгіён!) засталося ўсяго 6 каталіцкіх сьвятароў, а ў Наваградзкім ваяводзтве (апірышча праваслаўя) з 600 сем’яў праваслаўнае шляхты толькі 16 не прынялі кальвінізму.

 

— З 28 паноў-рады Сойму ВКЛ 17 былі пратэстанты, 9 праваслаўныя й толькі 2 каталікі: нават каталіцкі біскуп кіеўскі Пац перакінуўся ў эвангелікі.

 

 У сярэдзіне 60-х гг XVI стагодзьдзя ўжо ўся краіна дыхала Рэфармацыяй.

 

Выбух Рэфармацыі выклікаў эфэкт дэтанацыі ў куды большых маштабах. Канкурэнцыя хрысьціянскіх канфэсіяў ператварылася ва ўзрушанае спаборніцтва дзеля высьвятленьня ісьціны, і спарадзіла моцную рэўнасьць – біблейскі боль любові. Узрушэньне нагадвала Палестыну І веку. Прысутнасьць Божая ў Беларусі тых часоў яўна адчуваецца нават у дакумантах і кнігах. Беларуская Рэфармацыя была наколькі моцнай, настолькі й кароткачасовай – быццам разрад бліскавіцы. І момант ісьціны беларускае гісторыі, кропка падзелу Старога й Новага Запаветаў, час прышэсьця Хрыста ў Беларусь аказаўся якраз тым месцам, куды цэліла Рэфармацыя.

 

Бо гэта Рэфармацыя выклікала бурлівую рэакцыю этнагенэзу і запусьціла шэраг нацыятворчых працэсаў:

 

— рэзкі рост самасьвядомасьці

 

— кшталтаваньне эліты

 

— урбанізацыю

 

— культуровы росквіт

 

— гаспадарчы рывок

 

— уключэньне ў грамадзка-палітычны кантэкст усеэўрапейскае Перабудовы.

 

Беларусы сталі нацыяй Рэфармацыі.

 

Кальвінісцкая эвангелізацыя пасьпела ахапіць толькі вярхі грамадзтва – магнатаў ды шляхту, адно ўсхвалявала мяшчанства й ледзь кранула сялянства. Польшчы й езуітам хапіла некалькі дзесяцігодзьдзяў Контаррэфармацыі й Люблінскай вуніі, каб навярнуць ВКЛ пад эгіду каталіцтва. Апроч таго, жарсьць Рэфармацыі ўскаламуціла твань сэктанцтва, кшталту арыянства ці сацыніянства, адмовы ад Хрыста як Бога – а гэта дыскрэдытавала ўвесь рух.

 

І ўсё-такі менавіта Рэфармацыя разьдзьмула той небывалы ўздым, калі пра Хрыстова вучэньне “ўсюды спрачаюцца”. (Дзеі Апосталаў, 28:22) Беларуская Рэфармацыя прымусіла і каталіцтва, і праваслаўе з жахам прызнаць уласныя правалы, і з жарам узяцца за абнаўленьне, адстойваючы веру. Зарыва беларускай Рэфармацыі асьвяціла ўсю Ўсходнюю Эўропу й актывізавала беларускае місіянерства. Менавіта пасьля XVI стагодзьдзя беларусы вызначальным чынам паўплывалі на духовасьць і культуру Польшчы, Украіны й Маскоўшчыны: Беларусь перадавала “зарад нацыятворчасьці” суседзям.

 

Сёньня, праз 450 гадоў, мы ўсёй сваёй нацыянальнай істотай зноў адчуваем прагу сьветапоглядных пераменаў. Нам патрэбны ўнутраны духовы штуршок, здольны ўскалыхнуць краіну да падвалінаў сьвядомасьці, да ўсенароднага пакаяньня, да нараджэньня звыш у Ісусе Хрысьце. Патрэбны пераварот у душах. Патрэбна абнаўленьне, абуджэньне, адраджэньне – і канфэсіям, і грамадзтву, і дзяржаве.

 

Нацыі патрэбная Рэфармацыя.

Навіны па тэме

Фото юзера Андрэй
Андрэй 20.01.2011
Вельмі моцны артыкул! Я таксама веру што Рэфармацыя - гэта тое без чаго не адбудзецца сапраўднае беларускае адраджэньне у ХХІ ст.
Беларусі сёньня патрэбна зьвярнуцца да Ісьціны Слова Божага і на яго аснове будаваць сваё нацыянальнае жыцьцё. Але так станецца, перад усім тады, калі крытычная маса беларусаў будуць жыць па Божых запаведзях у сваім асабістым жыцьці.
Фото юзера чалавек
чалавек 22.01.2011
Сайт: Рэфармацкае багаслоуе для Беларусі http://www.refarmaciya.com/

но сам автор говоря о необходимости Реформации остается сторонником православия, которое не может быть Реформировано в силу его внутренних особенностей. Да и зачем делать то, что уже сделано. Реформация была, и Реформированная церковь (Рэфарматская- офиц. назв.) существует. К тому же православная церковь, последователем которой считает себя автор, является антибелорусской, отстаивающей интересы России, проводником Российской имперской политики и культуры. Показательным в этом плане является Кальвинский збор в Заславле, отданный этой самой РПЦ. Так вот в нем висит икона, на оправе которой вырезан российский герб, двуглавый орел. Как можно быть патриотом Беларуси и оставаться православным, приверженцем РПЦ?

С уважением к самому Павлу! Желаю скорейшего его освобождения!
Фото юзера кальвинист
кальвинист 23.01.2011
небольшое уточнение- не четыре, а пять принципов Реформации. Пятый принцип soli deo glory (Одному Богу Слава)
Фото юзера Юрась чалавеку
Юрась чалавеку 24.01.2011
У адказ чалавеку на словы "зачем делать то, что уже сделано. Реформация была, и Реформированная церковь (Рэфарматская- офиц. назв.) существует." Якраз праўда ў тым, што Рэфармацыя - гэта не ёсьць справа мінулага, а справа сёньня і будучыні Беларусі. І справа тутне ўтварэньні рэфармацкай царквы, а ў РЭФАРМАВАНЬНІ хрысьціянскай царквы. Такая рэфармацыя мусіць адбывацца штодзённа ў жыцьці і розуме кожнага хрысьціяніна - "І не ўпадабняйцеся гэтаму веку, але перамяняйцеся праз аднаўленьне розуму, каб пазналі, што ёсьць воля Божая, што добрае і прыемнае і дасканалае". Рымл. 12:2 Сэнс Рэфармацыі ў пастаянным абнаўленьні веры кожнага верніка і абнаўленьні царквы, набліжэньні яе да біблейскага вобразу, каб яна была жывой і актуальнай часу, чула Госпада і была здольнай прамаўляць праўду пра актуальныя праблемы таго грамадзтва, у якім яна існуе! Рэфармацыя не датычыць толькі пратэстантаў, а кожнага хрысьціяніна! Сэнс такой Рэфармацыя заўжды актуальны, у тым ліку і сёньня!