Рымашэўскі: “Еўропа і Расея не павінны вырашаць лёс Беларусі без беларусаў”

20 студзеня 2011 18:00  |  Галоўныя навіны

Сустаршыня БХД, экс-кандыдат ў прэзідэнты Віталь Рымашэўскі вітае рэзалюцыю Еўрапарламента па Беларусі, прынятую сёння на сесіі  ў Страсбургу. “Рады, што пазіцыя Еўропы цвёрдая і прынцыповая. Калі б яна была такой жа цвёрдай да 19 снежня, магчыма ўдалося пазбегнуць такой жорсткай рэакцыі з боку ўлады на мірныя пратэсты апазіцы супраць фальсіфікацыі выбараў. Тым не менш, я вітаю гэтую рэзалюцыю, бо лепей позна чым ніколі”, – заявіў Рымашэўскі з гэтай нагоды ў інтэрв’ю прэс-службе БХД.

 

Таксама адносна прынятай сёння рэзалюцыі Рымашэўскі зазначыў наступнае:

 

“Я лічу вельмі слушным у 17 пункце гэтай рэзалюцыі адлюстраванне расейскага фактару, таго, што Расея фактычна прызнала гэтыя выбары і сваім маўчаннем ухваліла рэпрэсіі ў Беларусі. Трэба вельмі ўважліва сачыць, каб тая сітуацыя, якая склалася зараз у Беларусі, не была б выкарыстаная Расеяй для пазбаўлення Беларусі незалежнасці.

 

Вядома, важна распачынаць дыялог з Расеяй, але будзе вельмі небяспечна, калі Еўропа з Расеяй пачнуць вырашаць лёс Беларусі без саміх беларусаў, без уліку думкі беларускага народу. Таму я заклікаю Еўразвяз і ўсе дэмакратычныя краіны разглядаць пытанні Беларусі з удзелам прадстаўнікаў беларускай дэмакратычнай супольнасці, найперш з улікам думкі тых лідэраў, якія церпяць зараз уціск і рэпрэсіі ўнутры Беларусі.”

 

Нагадаем, сёння на сваёй сесіі ў Страсбургу Еўрапарламент аднагалосна прыняў рэзалюцыю па Беларусі, самую жорсткую з усіх рэзалюцыяў, якія Еўразвяз калі-небудзь прымаў адносна Беларусі.

У прыватнасці, Еўрапарламент заклікае неадкладна ўвесці візавыя санкцыі ў дачыненні да кіраўніцтва Беларусі, да ўсіх дзяржорганаў, якія маюць дачыненне да фальсіфікацыяў вынікаў выбараў і рэпрэсіяў, а таксама замарозіць іх рахункі ў краінах Еўразвяза. Гэтыя санкцыі павінны  дзейнічаць да поўнага вызвалення і апраўдання ўсіх палітвязняў у Беларусі. Рэзалюцыя прапануе таксама разгледзець магчымасць эканамічных санкцыяў у дачыненні да беларускага ўрада і заклікае да правядзення новых выбараў у Беларусі.

Болей навін