Беларуская АЭС: Расія прыспешвае, эксперты б’юць трывогу

26 студзеня 2011 11:57  |  Навіны

Са спазненнем на год, але атамная электрастанцыя ў Беларусі ўсё-такі пачне будавацца. 25 студзеня на сустрэчы ў Мінску з прэм’ер-міністрам Беларусі Міхаілам Мясніковічам кіраўнік «Расатама» Сяргей Кірыенка заявіў, што ўжо ў верасні на Астравецкай пляцоўцы пачнуцца нарэшце землеўпарадкавальныя работы «пад катлаван».

Многія скептыкі даўно пахавалі беларускі атамны праект. Будаўніцтва АЭС мусіла пачацца яшчэ ў 2010 годзе, але спрэчкі паміж Мінскам і Масквой па ўзгадненні пазіцый — і перш за ўсё па кошце АЭС, умовах фінансавання і стварэння СП па збыце энергіі -зацягнуліся.

Аднак учора Сяргей Кірыенка і першы віцэ-прэм’ер Беларусі Уладзімір Сямашка заявілі, што ўсе спрэчныя моманты фактычна вырашаныя, а падпісанне міжурадавага пагаднення па будаўніцтве АЭС чакаецца ў першым квартале гэтага года. Гэты дакумент, нагадаем, планавалася падпісаць яшчэ ў лютым года мінулага.

Новая дата — канец лютага — пачатак сакавіка 2011. Менавіта ў гэтыя тэрміны мае адбыцца паседжанне саюзнага Саўміна, на якім і плануецца падпісаць дзве міжурадавыя дамовы — аб будаўніцтве АЭС і паралельнай працы энергасістэм Беларусі і Расіі.

Гэта прадугледжана графікам далейшай працы па рэалізацыі праекту, які быў падпісаны на гэтым тыдні ў Мінску падчас візіту дэлегацыі арганізацый атамнай галіны Расіі на чале з Кірыенкам.

Мяркуючы па настроі, гэтым разам дакументы з вялікай доляй верагоднасці будуць нарэшце падпісаныя. Прынамсі і Сямашка, і Кірыенка заявілі пра гатоўнасць бакоў гэта зрабіць. «Гэта дазволіць нам спакойна стартаваць», — падкрэсліў кіраўнік «Расатама».

На травень запланаванае падпісанне кантрактнага пагаднення, а на чэрвень — стварэнне СП па паралельнай працы энергасістэм і падпісанне крэдытнага пагаднення паміж міністэрствамі фінансаў дзвюх краін. Пры гэтым папярэдне ў Мінску бакі ўжо падпісалі два дакументы: «Методыка фармавання кошту будаўніцтва АЭС для ўключэння ў кантрактнае пагадненне і генеральны кантракт», а таксама «Асноўныя этапы працы па вызначэнні кошту будаўніцтва АЭС і падрыхтоўцы генеральнага кантракту».

Арыентавана кошт будаўніцтва АЭС пакуль ацэньваецца ў 6–7 млрд даляраў. Яшчэ прыкладна на 2–3 млрд даляраў пацягне стварэнне інфраструктуры. Праўда, Расія так і не дала сваёй канчатковай згоды на фінансаванне гэтай часткі праекту.

Сяргей Кірыенка між тым не выключыў, што падчас рэалізацыі праекту аб’ёмы фінансавых выдаткаў могуць быць зніжаныя ў параўнанні з запланаванымі. Перш за ўсё, за кошт удзелу ў праекце беларускай будаўнічай галіны.

«У Беларусі магутны будаўнічы комплекс, і мы ўзгаднілі, што будаўнічыя арганізацыі краіны атрымаюць вялікі аб’ём працы. Паводле нашых ацэнак, як мінімум 30% ад усяго аб’ёму заказаў. Усё, што можна будзе замовіць у Беларусі, мы замовім. У лютым мы правядзем сумесную нараду, каб паглядзець, што з абсталявання, матэрыялаў, камплектавальных мы маглі б замовіць. Калі будзем разумець, што беларускія арганізацыі могуць пастаўляць матэрыялы, абсталяванне і якасна выконваць работы, але танней, чым гэта робяць расійскія арганізацыі, з задавальненнем будзем прыцягваць іх і на будаўніцтва Балтыйскай атамнай станцыі», — заявіў Кірыенка.

Да верасня, паводле плану, павінен быць канчаткова гатовы генеральны кантракт. Але самае галоўнае, у верасні, па словах Кірыенкі, будаўнічыя арганізацыі Беларусі мусяць пачаць практычную працу на Астравецкай пляцоўцы.

Крыху насцярожвае заява кіраўніка «Расатама» пра тое, што ў сувязі з адступленнем ад ранейшых тэрмінаў рэалізацыі праекту «цяпер стаіць задача паскорыцца. Усё, што можна было падціснуць, мы падціснулі. Цяпер разам папрацуем над скарачэннямі. Досвед працы над стартам нулявога цыклу паказвае, што мы знаходзім рэзервы для скарачэння тэрмінаў агульнымі намаганнямі».

Калі атрымаецца паскорыцца, то будаўніцтва першага блоку АЭС можа завяршыцца, па словах Кірыенкі, да канца 2016 года. Гэта значыць, як раней і планавалася. «Пакуль жа ў кантракце будзе прапісаны 2017 год», — адзначыў Кірыенка.

Міхаіл Мясніковіч, у сваю чаргу, падтрымаў намер паскорыць рэалізацыю праекту, але пры гэтым падкрэсліў, што «будзем працаваць хутка, але не на шкоду якасці і бяспецы».

Прафесар, доктар тэхнічных навук, спецыяліст у галіне ядзернай энергетыкі Георгій Лепін лічыць, што любое паскарэнне «не прывядзе ні да чаго добрага».

«Мне здаецца, што, наадварот, рэалізацыя гэтага праекту будзе праходзіць з затрымкамі па тэрмінах. Хутчэй, чым за сем гадоў, пабудаваць рэактар нікому не ўдавалася. Звычайна на гэта ідзе дзесяць гадоў і больш», — адзначыў Георгій Лепін.

Эксперт у прынцыпе сумняецца ў здольнасці расійскіх спецыялістаў стварыць якасны і бяспечны па ўсіх параметрах атамны рэактар: «Расія пабудавала пару рэактараў ў Кітаі, дык там потым былі пэўныя праблемы, збоі. Акрамя таго, спецыялісты так і не дацягнулі рэактары да патрэбнай магутнасці. Мне здаецца, нічога сур’ёзнага расійскія спецыялісты выдаць не могуць».

Пры гэтым ён звяртае ўвагу на тое, што рэактар, які збіраецца будаваць Расія ў Беларусі, «фактычна не мае дакладных аналагаў у свеце. Належныя выпрабаванні не праведзеныя, і незразумела, як будзе паводзіць сябе рэактар».

Кіраўнік «Расатама» ўнікальнасць праекту пацвярджае, але асцярогі скептыкаў не падзяляе. «Гэта самы сучасны праект. Некаторыя тэхналагічныя рашэнні, закладзеныя ў ім, не проста найлепшыя, а ўвогуле не маюць аналагаў у свеце, яны ўнікальныя», — заявіў Сяргей Кірыенка.

Акрамя таго, Георгій Лепін перакананы, што, урэшце, будаўніцтва АЭС у Беларусі запатрабуе не агавораных 6–7 млрд даляраў, а як мінімум удвая больш.

Болей навін