Палажанка за краты папрасіла касметыку, а Дашкевіч – заданні па замежнай мове

26 студзеня 2011 13:46  |  Навіны

Журналісты ўжо пару тыдняў абмяркоўваюць гісторыі, якія паказваюць, што найбольш вясёлым вязнем «амерыканкі», з’яўляецца намесніца старшыні зарэгістраванага ў Чэхіі аб’яднання «Малады фронт» Наста Палажанка. Сваім настроем дзяўчына нават падбадзёрвае іншых. Лідэр арганізацыі Зміцер Дашкевіч тым часам адказвае на лісты тых, хто яму адпраўляў пасылкі, і вучыць замежную мову.

Наста Палажанка ўваходзіць у лік абвінавачваных па крымінальнай справе аб масавых беспарадках у Менску 19 снежня. Яе дапытваюць часцей за іншых арыштаваных, і таму адвакат мае больш магчымасцяў з ёй сустракацца.

Як распавяла прэс-сакратар «Маладога фронту» Таццяна Шапуцька, на мінулым тыдні ад Насты прыйшоў першы ліст, адрасаваны сваякам. Ён невялікі: напісана размашыстым почыркам і займае ліст фармату А4. Дзяўчына паведамляе, што адчувае сябе, як у санаторыі, шмат есць, у яе добры настрой. І наогул, просіць блізкіх успрымаць гэтую сітуацыю, як быццам бы яна з’ехала ў доўгую паездку па-за межы краіны.

Раней Насці, па яе просьбе, перадалі ў ізалятар КДБ касметыку, фарбу для валасоў. Так што на допыты яна прыходзіць «у форме», і нават аднойчы цікавілася ў следчага, чаму на сустрэчы з жанчынай ён з’явіўся без гальштука.

Лідэр міжнароднага моладзевага аб’яднання «Малады фронт» Зміцер Дашкевіч і актывіст арганізацыі Эдуард Лобаў былі затрыманыя ўвечары 18 снежня, нібыта за напад на двух грамадзянаў. Зараз яны знаходзяцца ў Жодзінскім СІЗА. Ім прад’яўленае абвінавачванне па ч. 3 арт. 339 КК РБ (хуліганства).

Ад Зміцера прыйшлі лісты бацькам, цётцы, а таксама тым неабыякавым людзям, хто адпраўляў яму пасылкі. На ўмовы ўтрымання Зміцер не скардзіцца. Піша, што ў камеры цёпла, харчаваньне нармальнае. Вязню па яго просьбе перадалі адукацыйную літаратуру, а таксама заданні па ангельскай мове, якую ён вывучае.

Што тычыцца Эдуарда Лобаў, дык, як стала вядома яго маці, 13 студзеня яго выклікалі на допыт, дзе прысутнічалі два супрацоўнікі, адзін з якіх назваўся аператыўнікам КДБ. Паводле інфармацыі праваабаронцаў, гэтыя двое найбольш цікавіліся дзейнасцю Эдуарда ў межах арганізацыі. Лобаў адмовіўся даваць паказанні, пасля чаго яму прыгразілі пераводам у іншую камеру і фізічнай расправай.

Болей навін