Рымашэўскі прапануе байкатаваць расейскія тавары

26 студзеня 2011 22:47  |  Навіны

З нагоды заключэння з Расеяй нявыгадных для Беларусі кантрактаў на імпарт нафты і расейскіх заяваў па будаўніцтве Беларускай АЭС Віталь Рымашэўскі заявіў, што ў гэтых умовах Беларусь трапляе ў кабальную залежнасць ад Расеі:

“Тыя тэмпы, з якімі Расія павялічвае сваю прысутнасць на Беларусі, пагражаюць незалежнасці краіны, гэта смяротная небяспека для нашай Радзімы. Расея можа стаць інвестыцыйным манапалістам ў Беларусі. А ў сучасным свеце страта эканамічнай незалежнасці – самая небяспечная для краіны, можа прывесці да страты суверэнітэту.

А будаўніцтва Расеяй беларускай АЭС без кантролю міжнароднай супіольнасці, ненадзейныя расейскія тэхналогіі, тым больш ва ўмовах заклікаў да паскарэння і пры камуністычных падыходах да будаўнцітва – гэта яшчэ і пагроза экалагічнай катастрофы.

У гэтай сітуацыі трэба заклікаць Еўропу і ЗША заняць цвёрдую пазіцыю адносна дачыненняў Расеі і Беларусі. У такіх варунках тое, што ЗША прынялі рашэнне пра змяншэнне падтрымкі, нават нязначнае, развіццю дэмакратыі ў Беларусі – дрэнны знак. Дэмакратычныя краіны павінны так жа сама востра рэагаваць на пагрозу страты незалежнасці, як і на адсутнасць дэмакратыі ў Беларусі.

Беларускае грамадства ўнутры краіны, на жаль, не можа зараз істотна паўплывць на эканамічныя працэсы, звязаныя з Расеяй. Патрэбна, каб узровень свядомасці і салідарнасці ў беларускім грамадстве быў бы такім, каб мы маглі байкатаваць расейскія тавары.”

Болей навін