КДБ шантажыруе Дашкевіча вызваленнем Палажанкі

01 лютага 2011 15:03  |  Навіны ад Маладога Фронту

Як стала вядома прэс-службе “Маладога Фронта”, падчас візіту ў Жодзінскую турму супрацоўнікі КДБ прапанавалі старшыні МФ Зміцеру Дашкевічу даць сведчанні супраць сваіх паплечнікаў у абмен на вызваленне з СІЗА КДБ Насты Палажанкі. На пагадненне з супрацоўнікамі КДБ і з уласным сумленнем Дашкевіч не пайшоў.

 

Таксама сайт Маладога Фроту паведамляе, што нядаўна ад Змітра Дашкевіча пачалі даходзіць лісты, прычым адразу па некалькі запар, датаваныя розным часам. На ўмовы ўтрымання Дашкевіч ня скардзіцца, праз слова ў лістах “смайлікі”: 

 

“За мяне не хвалюйцеся – усё нармальна, у самай лепшай турме ў Жодзіна! 🙂 Сяджу тут як у Бога запазухай! 🙂 Тут бачу па целіку Саня вяшчае, што ў нашым царстве-гасударстве правальная моладзевая палітыка. У Сані правальная. І я здагадваюся, чаму ён так гаворыць 😀 Не, плача па некаторых 193’1! 😀 Гэта ж так трэба! – праваліць Саніну моладзевую палітыку! 🙂 
Ну, што я магу Вам сказаць?! Працягвайце ў такі жа духу!! 🙂  Усім нашым – мае вітанні! Вельмі па вас усіх сумую! ;( Вас усіх люблю і абдымаю! 🙂 Заўсёды за Вас малюся! ;)” 

 

Нягледзячы на жартаўлівы тон у лістах, у апошніх паведамленнях Дашкевіч піша, што яму забаранілі перадаваць газэты, а таксама, што яго наведвалі супрацоўнікі КДБ, якія дапытвалі пра дзейнасць “Маладога Фронту”. Зміцер Дашкевіч выказвае перасцярогу, што можа распачацца новая хваля крымінальных справаў па арт. 193’1 – дзейнасць ад імя незарэгістраваных арганізацыяў. Днямі Зміцера наведаў адвакат Павал Сапелка. 

 

Раней паведамлялася, што лісты ад Дашкевіча не даходзілі напрацягу месяца яго зняволення. “Пішу штодня, але як у нікуды…”, — пісаў ён у першых лістах, якія ўсёткі дайшлі. 

 

Лісты ад сяброў нарэшце прапусцілі і да яго. “Гэта першая пошта, якую я атрымаў за месяц сваёй адсідкі”, — напісаў лідар Маладога фронту ў лісце да Ганны Шапуцькі. Ад грамадскай актывісткі і ад яе дачкі Таццяны яму ўручылі па два лісты, за што ён іх вельмі дзякуе.    

 

 “Самае кепскае, што нельга тут мець кнігі”, — адзначыў Зміцер. Але Біблію, як паведаміў вязень, ён чытае штодня.

 

У лістах Дашкевіч вельмі хвалюецца за Насту Палажанку, якая зараз знаходзіцца ў СІЗА КДБ. Намесніцу старшыні Маладога фронту, як і шмат іншых актывістаў, абвінавацілі ў арганізацыі “масавых беспарадкаў” 19 снежня. “Страшна падумаць, што дзяўчынцы ў 20 год пагражае, — піша Зміцер. — Але, перакананы, што Лука столькі палітвязняў не пацягне”.    

 

 “Са мною ж гісторыя троху іншая — бандзюга я! “Кідаюся” на нявінных людзей у падваротнях”, — іранізуе Дашкевіч у лістах.

 

Як вядома, Дашкевіч і сябра Маладога фронту Эдуард Лобаў абвінавачаны ў беспадстаўным і наўмысным збіванні грамадзян. (Ч. 3 арт. 339 Крымінальнага кодэкса — асабліва злоснае хуліганства). Хлопцаў затрымалі разам на вуліцы супрацоўнікі ў цывільным за дзень да выбараў, 18 снежня. Зараз яны знаходзяцца ў жодзінскай турме. Ім пагражае ад 3 да 10 год зняволення.      

 

“Думаю, што і яшчэ пару артыкульчыкаў паспрабуюць навесіць. Але тут ужо ўсё адно — плюс-мінус пару год мала што вырашаюць”, — лічыць Дашкевіч. “Трымайцеся там! Няхай Ісус Хрыстос бласлаўляе вашыя шчырыя і самаахвярныя сэрцы Сваім мірам”, — пажадаў Зміцер сябрам.      

 

На думку Ганны Шапуцькі, ён вельмі небяспечны для ўладаў. І яны не маглі яго не арыштаваць. “Зміцер — той чалавек, які мог бы павесці за сабой людзей. Ён верыць у Бога і гэта дадае яму моцы. Ад яго атрымліваеш вельмі моцны энергетычны зарад. Усе ведаюць, як Зміцер выступае перад людзьмі на плошчы. Такіх лідараў і такіх прамоўцаў сярод нашых кандыдатаў у прэзідэнты, на жаль, не было ні аднаго”.      

 

Зміцера Дашкевіча неаднаразова збівалі міліцыянты. У кастрычніку 2006 года ён быў асуджаны да 1,5 гадоў зняволення за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі. “Але ж ён не зламаўся. Ён толькі ўзмацняўся пасля іспытаў, якія на яго долю выпалі. Моцны хлопец. Сапраўдны лідар. Я вельмі ім захапляюся”, — зазначыла Ганна Шапуцька.

 

Зміцеру Дашкевічу лісты можна дасылаць на адрас:  222 160, Мінская вобласць, г. Жодзіна, вул. Савецкая 22 а.

 

Паводле сайту “Маладога Фронту” і “Новага Часу”

Болей навін