Міжнародная «Салідарнасць з Беларуссю»: 87 мільёнаў еўра грамадзянскай супольнасці і беларускай культуры

03 лютага 2011 16:39  |  Навіны

2 лютага ў Варшаве прайшла міжнародная донарская канфэрэнцыя «Салідарныя з Беларуссю», прадстаўнічы ўзровень якой можна смела назваць унікальным – яшчэ ніколі дзеля беларускага пытаньня не збіралася такое шырокае кола афіцыйных прадстаўнікоў і кіраўнікоў шэрагу фундацыяў і грамадскіх арганізацыяў. На ёй таксама прысутнічаў адказны сакратар БХД Дзяніс Садоўскі.

У канферэнцыі ўзялі ўдзел кіраўнікі знешнепалітычных ведамстваў 4 еўрапейскіх краінаў: міністр замежных справаў Польшчы Радаслаў Сікорскі, Эстоніі – Урмас Паэт, Румыніі –  Тэадор Баконскі і Швецыі – Карл Більд. Шэраг краінаў былі прадстаўлены намеснікамі міністра замежных справаў і кіраўнікамі дыпламатычных місіяў у Польшчы.

Перад прысутнымі таксама выступіў Еўракамісар па развіцці і палітыцы еўрапейскага суседства Штэфан Фюле, дарадца генеральнага сакратара Рады Еўропы Аляксандр Гесэль, першы намеснік дырэктара АБСЕ Дуглас Вэйк, генеральны сакратар Рады міністраў Паўночных краінаў Хальдор Аўсгрымсан.

Шырокі ўдзел у канфэрэнцыі ўзялі прадстаўнікі фундацый і грамадзкіх арганізацыяў, у тым ліку Хельсінскі фонд правоў чалавека, фундацыя Стэфана Баторыя, фонд імя Генрыха Бёлля, фонд Конрада Адэнаўэра, фонд Маршала, фонд Эўразія, NED, NDI, IRI і іншыя.

Беларускую палітычную апазіцыю прадсталялі сакратар БХД Дзяніс Садоўскі, дачка экс-кандыдата у прэзідэнты Ева Некляева, а таксама палітыкі Аляксандр Мілінкевіч, Віктар Івашкевіч, Аляксей Янукевіч, праваабаронцы Алесь Бяляцкі і Іна Кулей, прадстаўнікі беларускіх моладзевых арганізацыяў.

Міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі паведаміў у сваім выступе, што краіны Еўразвяза, Канада і ЗША пастанавілі выдзеліць у бліжэйшыя гады на патрэбы беларускай апазіцыі і культуры 87 мільёнаў еўра (120 мільёнаў даляраў).

«Спадзяюся, што беларускія ўлады прызнаюць і заўважаць, што Еўропа не застанецца бяздзейнай і што на дрэнныя паводзіны будзе дадзены адпаведны адказ», — заявіў Сікорскі.

Радаслаў Сікорскі выказаў салідарнасць Польшчы і ўсёй Еўропы з дэмакратычнымі сіламі Беларусі ды, звяртаючыся да кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі, падкрэсліў:

«Спадару прэзідэнт Лукашэнка, вы прайграяце. Нават у краінах, якія назвалі апошнія выбары ўнутранай справай Беларусі, ніхто не верыць у названы вынік — 80% (…) Вашы метады не знаходзяць месца ў сучаснай Еўропе. Раней ці пазней вы будзеце вымушаныя ўцякаць ад сваіх суграмадзянаў у краіны, дзе стандарты яшчэ ніжэйшыя, чым тыя, якія вы самі ўсталёўваеце ў сябе. У Мінску таксама трэ будзе трымаць самалёт, падрыхтаваны да імгненнага вылету».

Камісар Еўразвяза ў пытаннях пашырэння Штэфан Фюле распавёў, што дапамога Еўрапейскай камісіі беларускай грамадзянскай супольнасці, у тым ліку на незалежныя СМІ, павялічыцца ў чатыры разы — да 15,6 мільёнаў еўра з цяперашніх чатырох мільёнаў. Варта адзначыць, што цяпер Еўракамісія падтрымлівае толькі тэлеканал «Белсат» і «Еўрарадыё». Ніякай дапамогі СМІ ўнутры Беларусі не надаецца.

Нямеччына выдзеліць на дапамогу беларусам 6,6 мільёнаў еўра.

Міністр замежных спраў Швецыі Карл Більт заявіў, што на гэтыя мэты ягоная краіна прызначыць сёлета 7 мільёнаў еўра. Значную суму на падтрымку беларускай грамадзянскай супольнасці выдаткуюць таксама Данія і Нідэрланды.

Мэтай міжнароднай канфэрэнцыі донараў «Салідарныя з Беларуссю» было стварыць адмысловы Фонд падтрымкі дэмакратыі ў Беларусі, донарамі якога былі б усе зацікаўленыя краіны, прычым не толькі Еўразвяза.

Дагэтуль еўрапейская дапамога надавалася толькі інстытуцыям, што месцяцца ў самім ЕС. Таму найбольшымі аб’ектамі падтрымкі ЕС былі ЕГУ, «Белсат» і «Еўрарадыё». У той жа час унутры Беларусі еўрапейцы падтрымлівалі пераважна праекты, якія рэалізоўваў урад.

Прадстаўнікі міжнароднай супольнасці выказалі поўную салідарнасць з Беларуссю, і запэўнілі прадстаўнікоў беларускай апазіцыі ў тым, што яны маюць намер на доўгатэрміновую супрацу, якая мусіць прывесці да канкрэтнага выніку – перамогі дэмакратыі ў Беларусі.

Болей навін