Заява БХД з нагоды падзеяў у Эгіпце: “Не павінен паўтарыцца Іракскі сцэнар”

07 лютага 2011 13:11  |  Навіны

“Беларуская хрысьціянская дэмакратыя” выказвае салідарнасьць і падтрымку эгіпецкаму народу, які нягледзячы на тэрор з боку дзяржавы паўстаў супраць прэзыдэнта Хосьні Мубарака й створанага ім рэжыму ды цягам двух тыдняў вядзе змаганьне за свае правы.

 

На працягу 30-і гадоў, прыкрываючыся неабходнасьцю змаганьня зь ісламістамі, у краіне панавала дыктатура, якая пазбаўляла грамадзянаў праву выбара і праз паўсюдную карумпаванасьць давяла іх да жабрацтва, калі прыкладна 40% насельніцтва краіны жывуць за рысай галечы.

 

Дадатковаму прыгнёту і рэпрэсіям падвяргаліся пры Хосьні Мубараку мясцовыя хрысьціяне (пераважна вернікі Копцкае царквы, але таксама каталікі, праваслаўныя й пратэстанты), якія складаюць каля 10% насельніцтва краіны. Ім было забаронена будаваць новыя храмы, ствараць палітычныя партыі і арганізацыі, якія б баранілі іхныя правы. Да таго ж, як паказалі падзеі мінулага месяцу эгіпецкія ўлады таксама былі няздольныя забясьпечыць бясьпеку хрысьціянаў. Тады ў навагоднюю ноч у адной з цэркваў Александрыі адбыўся выбух, ахвярамі якога сталі больш за 20 чалавек. Гэты факт у чарговы раз паказаў нядзеяздольнасьць рэжыму Мубарака, яго слабасьць і абыякавасьць да лёсу грамадзянаў. Таму абсалютна лягічным ёсьць той факт, што хрысьціяне актыўна далучыліся да змаганьня з рэжымам.

 

Разам з тым, БХД як прыхільніца прынцыпу негвалтоўнага супраціву заклікае ўсе варагуючыя бакі ўстрымацца ад гвалту й ужытку сілы. Адначасова мы занепакоеныя магчымым прыходам да ўлады прадстаўнікоў радыкальнае ісламскае арганізацыі “Браты-мусульмане”, якая выступае за ўвядзеньне нормаў шарыяту. У сувязі з гэтым мы заклікаем усю міжнародную супольнасьць, дзейсныя ўлады Эгіпту й апазыцыю гарантаваць хрысьціянам правы й свабоду, дазволіць ім будаваць новыя храмы, ствараць свае палітычныя арганізацыі, якія б рэальна маглі абараняць іх інтарэсы, а таксама спыніць усе перашкоды для місіянэрскае дзейнасьці як сярод хрысьціянаў, так і нехрысьціянаў.

 

У Эгіпце не павінен паўтарыцца Іракскі сцэнар, адкуль хрысьціяне ў выніку перасьледаў вымушаныя масава эміграваць. Эгіпет – гэта калыска хрысьціянскае цывілізацыі: сюды ад Ірада ўцякала сьвятая сям’я зь немаўляткам Ісусам, тут прапаведваў апостал Марк, зарадзілася манаства, дзеілі вялікія айцы раньняй адзінай Царквы. Таму зьнішчэньне хрысьціянства ў Эгіпце, яго забарона ці перасьлед будзе ня толькі трагедыяй для асобных людзей, але й трагедыяй для ўсяго хрысьціянства ды ўсяго сьвету.

Болей навін