Мубарак пакінуў Каір

11.02.2011, 16:26  |  Навіны, Свет, Палітыка

Прэзыдэнт Эгіпту Хосьні Мубарак, паводле паведамленьня тэлевізіі Аль-Арабія, разам зь сям’ёй пакінуў Каір, адляцеўшы самалётам з вайсковай базы ў прадмесьці сталіцы ў курорт Шарм эш-Шэйх на Чырвоным моры.

 

Тымчасам пратэсты ў Эгіпце толькі памацнелі пасьля ўчорашняга выступу Мубарака на тэлебачаньні, у якім, насуперак спадзяваньням, ён не абвясьціў пра сваю неадкладную адстаўку.

Сёньня камандаваньне вайсковых сілаў Эгіпту заклікала мітынгоўцаў прыняць прапанаваны ўрадам плян мірнай перадачы ўлады і вярнуцца да "нармальнага жыцьця".

У прыватнасьці, Найвышэйшая вайсковая рада гарантавала, што ўрад скасуе надзвычайнае становішча "пасьля завяршэньня існых абставінаў", увядзе патрэбныя папраўкі ў заканадаўства ў сувязі зь перадачай улады і правядзе свабодныя выбары.

Выступаючы на дзяржаўным тэлебачаньні ўчора вечарам, 82-гадовы прэзыдэнт Эгіпту сказаў, што ён намераны перадаць частку сваіх паўнамоцтваў віцэ-прэзыдэнту Амару Сулейману, але не ўдакладніў, якія паўнамоцтвы маюцца на ўвазе.

Мубарак таксама заявіў, што ён ня будзе балятавацца на новых прэзыдэнцкіх выбарах пасьля заканчэньня свайго цяперашняга тэрміну ў верасьні.

Мітынгоўцы на вуліцах эгіпецкіх гарадоў, якія чакалі, што Мубарак заявіць аб сваім неадкладным сыходзе з пасады прэзыдэнта, успрынялі ягоную прамову выкрыкамі абурэньня і пастановамі выйсьці сёньня на вуліцы ў яшчэ большай колькасьці. У Каіры пратэстоўцы за ноч перасунуліся пад прэзыдэнцкі палац у прадмесьці Геліяполіс і запыніліся перад калючым дротам ды элітнымі аддзеламі Рэспубліканскай гвардыі, якія ахоўваюць рэзыдэнцыю Мубарака.

 

Мубарак пакінуў Каір

Навіны па тэме