Сьвяткаваньне Дня Волі будзе супольным. Каментар Віталя Рымашэўскага

16 лютага 2011 14:16  |  Навіны

Сёньня адбыўся чарговы аркамітэт па сьвяткаваньні 25 сакавіка. Як вядома, раней у Менгарвыканкам было пададзена 2 заяўкі на альтэрнатыўныя мерапрыемствы да Дня Волі: ад аркамітэту і асобна ад Маладога Фронту. Але сёньня бакі прыйшлі да пагадненьня. Быў прыняты кампрамісны варыянт збору ўдзельнікаў на плошчы Якуба Коласа. У Менгарвыканкам будзе перапададзеная агульная заяўка.

 

Больш падрабязна пра планы сьвяткаваньня сёлетняга Дня Волі будзе распаведзена на прэс-канферэнцыі аргакамітэту ў чацьвер 17-га студзеня на сядзібе Партыі БНФ. Пачатак у 12.00. Там будуць агучаныя супольны маршрут шэсьця, інфармацыйная кампанія і сцэнар мітынгу.У прэс-канферэнцыі будуць удзельнічаць сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі, намесьнік старшыні Партыі БНФ Рыгор Кастусёў, намесьнік старшыні Маладога Фронту Мікола Дземідзенка, намесьнік старшыні Аб’яднанай дэмакратычнай партыі Леў Марголін, прадстаўнікі руху салідарнасьці “Разам” Алесь Макаеў, кампаніі “Гавары праўду” Андрэй Дзьмітрыеў, прадстаўнік “Эўрапейскай Беларусі” Віктар Івашкевіч, намесьнік старшыні руху “За свабоду” Юрась Губарэвіч.

Сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі даў з гэтай нагоды такі каментар прэс-службе БХД: “Тое, што атрымалася дамовіцца пра агульны сцэнар сьвяткаваньня Дня Волі – гэта вельмі станоўчы факт, які паказвае, што мы здольныя прыходзіць да агульнай згоды. Зараз ня месца для палітычнага піяру, а час для салідарнасьці і адзінства, супольнага змаганьня за вызваленьне вязьняў. Для БХД прынцыпова не месца збору, а тое, каб акцыя паказала еднасьць дэмакратычных сілаў.”

Нагадаем, у Менгарвыканкам былі пададзеныя 2 заяўкі на акцыю 25 Сакавіка. Адна падавалася ад аркамітэта па сьвяткаваньні, куды ўвайшлі партыі БХД, БНФ, АГП, рухі «За свабоду», «Гавары праўду!», «Разам» і іншыя.  Збор удзельнікаў планаваўся ў 18-00, а шэсьце павінна было прасьці  па маршруце Акадэмія Навук — сквер Янкі Купалы. Акцыя павінна была прайсьці пад лозунгамі «Свабода палітвязьням!» і «Беларусь будзе вольнай!»

Малады Фронт 25 Сакавіка падаў заяўку на правядзеньне альтэрнатыўнага шэсьця да Дня Волі, паводле якога збор удзельнікаў таксама планаваўся а 18 гадзіне, але на плошчы Свабоды, а шэсьце – да плошчы Незалежнасці. І да лозунга вызвалення палітзняволеных далучаўся лозунг «Саша, сыходзь!».

Болей навін