КДБ ня хоча вяртаць грошы Тацяне Севярынец

16.02.2011, 20:23  |  Навіны, БХД, Палітыка, Грамадства

Маці зьняволенага ў СІЗА КДБ Паўла Севярынца распавяла пра тэлефонную размову з супрацоўнікам менскага КДБ. Адмовіўшыся назвацца, той заявіў, што пісьмовага адказу з гэтай установы віцебская апазыцыянэрка не дачакаецца.

 

Паводле Тацяны Севярынец, невядомы з КДБ патэлефанаваў ёй, каб паведаміць, што яна не атрымае грашовай кампэнсацыі за квіток на цягнік зь Менску да Варшавы. 12 студзеня, непасрэдна перад ад’ездам у Польшчу, куды актывістка зьбіралася, каб назаўтра выступіць у польскім Сэйме, спадарыню Севярынец затрымалі і адвезьлі на допыт у КДБ.

У Варшаву Тацяна Севярынец ня трапіла і напісала скаргу на дзеяньні супрацоўнікаў КДБ, бо празь іх яна страціла ня толькі магчымасьць распавесьці пра лёсы палітвязьняў, але і грошы. І цяпер яна атрымала адказ вось такім чынам: незнаёмы чалавек у тэлефоннай размове заявіў, што грашовай кампэнсацыі за квіток ня будзе, бо затрыманьне спадарыні Севярынец «не было зьвязана са сьледчым працэсам».

Актывістка запатрабавала пісьмовага адказу, дзе гэта было б засьведчана. Але незнаёмец заявіў, што пісаць ёй «ніхто не зьбіраецца».

Абураная, спадарыня Севярынец склала новую скаргу — гэтым разам у менскую пракуратуру. Яна пазначыла нумар тэлефона, зь якога быў званок, і час, калі адбывалася размова. Апазыцыянэрка патрабуе вызначыць, хто менавіта зь ёй размаўляў, і жадае атрымаць выбачэньні за некарэктны тон размовы і ўсё ж пісьмовы адказ з КДБ.

Зрэшты, на працу пракуратуры Тацяна Севярынец дужа не спадзяецца. 16 лютага ёй прыйшоў з гэтай установы адказ на адну з папярэдніх скаргаў — пра тое, што зьняволены Павал Севярынец з 29 сьнежня ня меў магчымасьці сустрэцца са сваім адвакатам Паўлам Сапелкам. Маці зьняволенага напісалі, што пракуратура «робіць усе захады, каб былі рэалізаваныя правы на абарону». Інакш кажучы, прыйшла звычайная адпіска, кажа спадарыня Севярынец.

Навіны па тэме

Фото юзера Z
Z 17.02.2011
Лічу што трэба
1- патрабаваць прызнання грубымі парушэннямі гэб'ём не толькі правоў палітзняволеных але і заканадаўства аб звароце грамадзян. і прасіць пракуратуру даць справаздачу аб "усіх захадах" і тлумачэння іх безвыніковасці
2- на адпіску - скаргу у вышэйшую іннстанцыю на халатнасць дзеянняў пракуратуры і тупасць іх фармулёвак (вам пісаць карэктрней 8).

УВАГА! абавязкова узгадвайце Біль аб правах чалавека у сваіх скаргах