Да дня роднай мовы: “Калі чалавек не хоча гаварыць, яго пакідае мова”

20 лютага 2011 11:27  |  Блог Галіны Каржанеўскай

Здавалася б, медыцына – не тая сфера, дзе створаны умовы для развіцця мовы карэннай нацыі. Тым не менш, я ведаю шмат урачоў, якія яе не цураюцца, і нават болей – сваім прыкладам паказваюць, як важна ёй карыстацца, яе шанаваць. Сярод іх ёсць і сябры БХД. Напярэдадні Міжнароднага дня роднай мовы я звярнулася да некаторых медычных работнікаў з пытаннем:

 

 — Што для вас карыстанне роднай мовай – сродак кантакту, магчымасць самасцвердзіцца ці штось іншае?

 

Тамара Антановіч (неўролаг).

 

— І не першае, і не другое. Мне проста падабаецца размаўляць па-беларуску. Яшчэ ў 70-ыя гады я хадзіла на літаратурныя вечарыны ў Дом літаратара, але карыстацца мовай пачала нашмат пазней – у 90-ых, калі яна стала шырока ўводзіцца ў школах. Я запісалася ў Ленінку, набрала слоўнікаў, у тым ліку тэрміналагічных. (Заўважу, што да вайны ўся медычная літаратура была на беларускай мове.) І вось у нас у шпіталі інвалідаў ВАВ адбываецца канферэнцыя на паталагаанатамічную тэму, і я пачынаю прамаўляць даклад па-беларуску. Гэта, скажу вам, было як бомба! У зале зашумелі. Але наш галоўны ўрач Ашурка Пётр Іосіфавіч сказаў: “Давайце паслухаем. Можа, у нас прэзентацыя адбываецца…” Я паспяхова завяршыла сваё выступленне, а потым і на працы пачала карыстацца мовай – запісвала на ёй гісторыі хваробы.

 

“Говорите нормально!” – не раз чула я ад прадаўшчыц і ў службе быту. Але па-іншаму я ўжо не магла. Мне падабалася нават за артыкуляцыяй назіраць, калі хтосьці размаўляў па-беларуску. Мы запрашалі ў шпіталь пісьменнікаў – ад Брыля і Адамовіча да маладзенькіх паэтак.  А Караткевіч, Мальдзіс, Быкаў… А Гілевіч і Барадулін… Усе зоркі ў нас пабывалі. І калі я пайшла на новае месца працы, то загадчыцу папярэдзілі, што я “не такая”. На шчасце, яна нічога супраць не мела. І цяпер на расейскай мове я гавару ў асноўным тады, калі злосная.

 

Расціслаў Хмель (педыятр-генетык).

 

— Перш-наперш гэта для мяне магчымасць адчуваць сябе беларусам, грамадзянінам сваёй краіны. Гэта цалкам натуральна для мяне – размаўляць у сям’і, у асяродку аднадумцаў… З пацыентамі таксама, калі  адчуваю, што яны не супраць. У нас у рэанімацыі працуюць свядомыя хлопцы, якія і ў картках робяць запісы па-беларуску.

 

А пачалося ўсё ў 90-ыя гады, пасля прыняцця першага Закона аб мовах. Жонка тады працавала загадчыцай школы-сада, была неабходнасць пераводзіць на беларускую мову дакументацыю. Мы вырашылі, што пачнем перш размаўляць дома. Хапіла трох месяцаў, каб усё было засвоена. Акрамя таго, на мяне станоўча паўплываў хрэснік майго таты айцец Дзмітрый Бажко. Ён служыў у Кафедральным саборы і першы вёў літургіі па-беларуску. Да Філарэта тады звярнуліся вернікі з беларускага замажжа з просьбай прыслаць беларускамоўнага святара; так ён з сям’ёй аказаўся ў Чыкага. Але ён паспеў мяне звесці з праваслаўным Брацтвам трох віленскіх мучанікаў, якое праводзіць вялікую асветніцкую работу і аб’ядноўвае свядомую інтэлігенцыю. Так я стаў братчыкам. А што на мове размаўляю – нічога асаблівага ў тым не бачу…

 

Ганна Дораш (неўролаг-педыятр).

 

— Беларуская мова для мяне – маміна, татава. На ёй заканчвала сярэднюю школу, на ёй здавала іспыты ў інстытут… На жаль, многія, асеўшы ў горадзе, перавучваюцца, аднак у суседнюю вёску прыязджаў выкладчык з Мінска – ён гаварыў на чысцюткай мове і здаваўся мне самым адукаваным. (Дарэчы, ягоны пляменнік – вядомы прафесар і беларусіст з Пецярбурга – Мікола Нікалаеў.)

 

На мяне таксама паўплываў слынны пісьменнік Фёдар Янкоўскі, які пасяліўся ў нашым доме на Нямізе. Не раз бачыла, як на вуліцы ён размаўляў з дзецьмі. Дзіўным было, што ён па маіх слоўцах, націсках, вымаўленні пазнаў маё паходжанне – з Наваграддчыны. Дарэчы, “І за гарою пакланюся…” (назва ягонай кніжкі) – прымаўка з нашых месцаў.

 

Цяпер я не проста карыстаюся мовай – я адчуваю сябе носьбітам мовы. Для гарадскіх дзяцей яна цяпер і не матчына, і не бабуліна, а прабабуліна. Працуючы ў абласной неўралогіі, я заўважыла, што нават вясковыя дзеці губляюцца, калі з імі загаворыш па-беларуску. Скажаш “Ляж дагары, ляж ніцма” – не разумеюць.

 

Люблю слова. Яно жыве ўва мне, але вельмі балюча, калі няма з кім гаварыць. Радасць – калі чую чалавека, размаўляю з ім, а паміж намі – святло роднасці. Калі чалавек не хоча чуць – ён глухне. Калі чалавек не хоча гаварыць – яго пакідае мова. Так што мова для мяне – жыццё, дар Божы. Без яе перад Богам мы будзем не беларусамі, а іншымі людзьмі.

 

Запісала Галіна Каржанеўская

Болей навін