Сёньня – Міжнародны дзень роднай мовы

21.02.2011, 17:10  |  Навіны, Грамадства, Культура

Дзень роднай мовы 21 лютага ў Беларусі будзе адзначацца дыктоўкай. У Менску ўсе ахвотныя напісаць яе, а таксама праверыць свае веды ў роднай мове змогуць а 18 гадзіне ў Літаратурным музэі Максіма Багдановіча. Гэтай імпрэзай распачнецца вялікая праграма агульнанацыянальнай дыктоўкі.


Выбар месца дыктоўкі ў Менксу на пачатку агульнанацыянальнай акцыі невыпадковы, зазначыў адзін зь яе арганізатараў старшыня рэспубліканскай рады Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў:


“Сёлета будзе 120 год Багдановічу. Мінулы раз дыктоўка была прысьвечаная Караткевічу, наступная будзе прысьвечаная Купалу і Коласу. Так што кожны год яна зьвязана зь нейкім нашым клясыкам”.

 

Удзельнікам дыктоўкі будзе прапанаваны адзін верш Максіма Багдановіча і невялікі ягоны публіцыстычны твор “Хто мы такія?” 
21 лютага будуць пісаць дыктоўку жыхары Гомелю, Ліды, іншых гарадоў. У наступныя дні ажно да 25 сакавіка да яе далучацца прыхільнікі роднай мовы ўсёй Беларусі, кажа спадар Трусаў.

 

“23 лютага дыктоўка на гэтую ж тэму ў сядзібе ТБМ, потым будзе другі тур 15 сакавіка, і апошні тур 25 сакавіка. Так што дыктоўка ў Менску будзе ў чатыры этапы ў нас. Ну і па ўсёй Беларусі пройдзе – гэта ж агульнанацыянальная, дый за межамі Беларусі далучаюцца”.

 

Сёлетняя дыктоўка праводзіцца ўжо чацьвёрты раз і з кожным годам у ёй бярэ ўдзел усё больш і больш людзей, улучна замежнікаў. У папярэднія разы па-беларуску пісалі супрацоўнікі амбасадаў, акрэдытаваных у Менску. Прыкладам, пасол Швэцыі ў Беларусі Стэфан Эрыксан, падкрэсьліваючы гэткім чынам павагу да мовы народа, на зямлі якога яны працуюць.

 

З гісторыі дня роднай мовы

 
Міжнародны дзень роднай мовы, ці як яго яшчэ называюць, Міжнародны дзень матчынай мовы — адмысловы дзень, абвешчаны на 30-й сэсii ЮНЭСКА па прапанове Бангладэш у 1999 годзе. Гэта зроблена дзеля заахвочваньня лінгвістычнай разнастайнасьці і шматмоўнай адукацыі, а таксама дзеля спрыяньня ўсьведамленьня моўных і культурных традыцый, якія грунтуюцца на ўзаемаразуменьні, талерантнасьці і дыялёгу.


Дзень сьвяткаваньня — 21 лютага быў абраны таму, што ў гэты дзень у 1952 загінулі пяць студэнтаў, якія змагаліся за наданьне мове бангла статусу дзяржаўнай у тагачасным Пакістане, усходняя частка якога пазьней стала незалежнай дзяржавай Бангладэш.

 

У Беларусі паводле дадзеных апошняга перапісу насельніцтва па-беларуску размаўляе 23 адсоткі жыхароў краіны.


Навіны па тэме