Тацьцяна Шамбалава падала ў суд скаргу на Магілёўскі КДБ

23 лютага 2011 16:07  |  Навіны

Магілёўская гарадзкая каардынатарка аргкамітэта БХД Тацьцяна Шамбалава падала ў суд Ленінскага раёна горада скаргу на абласное УКДБ па Магілёўскай вобласьці за пастаноўку яе на прафілактычны ўлік і вынясеньне ёй папярэджаньня за дзейнасьць ад імя незарэгістраванай партыі “Беларуская хрысьціянская дэмакратыя” і ўдзел у несанкцыянаванай акцыі ў Менску 19 сьнежня 2010 года.

 

У інтэрвію прэс-службе БХД Тацьцяна Шамбалава распавяла:

 

“Паводле крымінальна-працэсуальнага кодэкса артыкулы 193–1 і 293 КК, за якія КДБ вынесла мне папярэджаньне, не адносяцца да іх кампетэнцыі, адносна гэтых артыкулаў мне мелі права выносіць папярэджаньне толькі пракуратура ці міліцыя, але ніяк не КДБ. Таму гэтае папярэджаньне вынесенае незаконна. І гэта ня кажучы ўжо пра тое, што сумнавядомы 193-ці артыкул за так званы “ўдзел ў незарэгістраваных арганізацыях” наагул не адпавядае ні Канстытуцыі, ні міжнародным пагадненьням, падпісаным Беларуссю.

 

А наконт прафілактычнага ўліку, на які мяне 9 лютага паставіў старшыня Магілёўскага абласнога УКДБ Ігар Сяргеенка, дык паводле заканадаўства гэта магчыма толькі пры паўторным адміністратыўным парушэньні на напрацягу года па тым жа артыкуле. А я пакуль маю толькі адзіны адміністратыўны прысуд за ўдзел ў акцыі пратэсту 19 сьнежня на плошчы Незалежнасьці ў Менску, і той лічу незаконным, паколькі ніякага ўдзелу ў так званых “масавых беспарадках” не прыймала.”

 

Разам з Тацьцянай скаргу на Магілёўскае ўпраўленьне КДБ падаў старшыня Магілёўскай абласной арганізацыі Партыі БНФ Зьміцер Салаўёў, якога таксама паставілі на прафілактычны ўлік за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве ў Менску 19 сьнежня 2010 года і за неаднаразовыя спробы арганізацыі і правядзеньня ў рэгіёне несанкцыянаваных масавых мерапрыемстваў, такіх як ускладаньне кветак каля абласнога краязнаўчага музея 25 сакавіка ці да помніка ахвярам Чарнобыля 26 красавіка.

 

Нагадаем, афіцыйнае папярэджаньне за дзейнасьць ад імя незарэгістраванай партыі “Беларуская хрысьціянская дэмакратыя” і ўдзел у несанкцыянаванай акцыі ў Менску 19 сьнежня 2010 года ўручыў Шамбалавай старэйшы оперупаўнаважаны Андрэй Махуноў 15 лютага на так званай прафілактычнай гутарцы ва ўпраўленьні КДБ па Магілёўскай вобласьці. Паводле гэтага папярэджаньня Тацьцяне можа пагражаць крымінальны перасьлед па артыкулах 193–1 і 293 КК.

 

Тацьцяна Шамбалава была затрыманая падчас разгону мірнай акцыі 19 снежня і асуджаная на 10 сутак адміністрацыйнага арышту, якія адбывала ў ІЧУ Менскага раёну. Увесь тэрмін зняволеньня актывістка трымала галадоўку. Вызваліўшыся, яна абскардзіла свой арышт, аднак традыцыйна атрымала адмову.

Болей навін