Хатынь

24.02.2011, 11:15  |  Жывая кніга Паўла Севярынца, Навіны, БХД

22 сакавіка 1943 г., у дзень вясновага раўнадзенства і ў самы разгар вайны, нацысцкія карнікі цалкам спалілі вёску Хатынь на Лагойшчыне – 26 двароў. 149 чалавек, зь якіх 75 дзяцей, згарэлі зажыва.

 

Хатынь – сымбаль беларускага пекла. Усю вёску заганяюць у калгасную адрыну. Зачыняюць. Абліваюць бэнзінам. Падпальваюць. А тых, хто здолеў вырвацца – расстрэльваюць з расстаўленых абапал кулямётаў.

 

У 1969 годзе, з пабудовай на 25-годзьдзе вызваленьня Беларусі мэмарыяльнага комплексу Хатынь у вачох усяго СССР увасобіла трагедыю мірнага насельніцтва ў ІІ Сусьветнай вайне. Хаты Хатыні зрабіліся ўсесаюзнай Мэкай прапагандовага турызму. Тых, хто ехаў празь Менск на Захад і тых, хто прыяжджаў сюды з брацкіх краінаў сацлягеру, везьлі ў Хатынь на паломніцтва цэлымі аўтобуснымі караванамі. Тут пабывала больш 35 мільёнаў чалавек са 100 краінаў сьвету.

 

Хатынь – помнік страшнай ахвяры беларускага народа. На 50 гектарах спаленае зямлі – вурны з глебаю са 185 зьнішчаных і адроджаных беларускіх вёсак; могілкі 433-х, разбураных назаўжды; пліты са зьвесткамі аб 66-ці лягерох сьмерці ў Беларусі. Хатынь – гэта абвугленыя коміны са званамі, якія б'юць штохвіліны круглыя суткі, вялікі чорны помнік старому, які трымае на рукох цела забітага хлопчыка, і вечны вагонь. Хатынь, як полымя, ахапіла ахвяраў усяе вайны: беларусы, нароўні з габрэямі й палякамі, найбольш пацярпелі ў пажары ІІ Сусьветнай.

 

Хатынь удвая страшней з тае прычыны, што злачынства пад камандаваньнем СС рабілі свае – паліцэйскае падразьдзяленьне на чале з Рыгорам Васюрам. Некаторыя з забойцаў мірна дажылі ў Савецкім Саюзе аж да 80-х і былі выкрытыя ды асуджаныя ўжо ў глыбокае старасьці.

 

Нарэшце, Хатынь жахлівая яшчэ і тым, што яе назва, выбраная савецкім кіраўніцтвам з соцень падобных вёсачак, мусіла схаваць у сугуччы Катынь – адкрытае ў 1941 г. немцамі пад Смаленскам шматтысячнае пахаваньне польскіх жаўнераў з Заходняе Беларусі, расстраляных НКВД напярэдадні вайны.

 

Сёньня ў Хатынь прыяжджаюць нямецкія бізнэсоўцы, якія працуюць у Менску. Ціха плачуць, каюцца й моляцца. Так, Эўропа мусіць плакаць і каяцца ў Хатыні.

 

Попел Хатыні б'ецца ў нашыя сэрцы. Жалезабэтонны саўковы агітпроп у Хатыні – фальш. Трагедыя значна глыбей. Бязбожная чалавечая нянавісьць у самых пачварных абліччах – вось зь якой апраметнай вырываецца вечны вагонь. Знак пекла гарыць тут для ўсяго сьвету, і ня гасьне.

Навіны па тэме