Эдуард Лобаў супраць Леніна

04.03.2011, 19:35  |  Навіны ад Маладога Фронту

На імя Эдуарда Лобава прыйшоў адказ з Менгарвыканкаму на калектыўны зварот аб зьмене назвы станцыі мэтро "Плошча Леніна".

 


Аб гэтым нядаўна даведаліся паплечнікі Эдуарда Лобава. Адказ прыйшоў з Упраўленьня культуры Менгарвыканкаму на адрэсу кватэры, дзе маладафронтавец жыў з бацькам да арышту.

"Дадзенае пытаньне неаднаразова разгядалася і абмяркоўвалася грамадзкасьцю і зацікаўленымі арганізацыямі," — паведамляецца ў адказе. Паводле Менгарвыканкаму супраць перайменаваньня назвы станцыі мэтро "Плошча Леніна" было накіравана звыш калектыўных 30 лістоў.

7 лістапада 2010 г., у гадавіну камуністычнага перавароту, маладафронтаўцы зьбіралі подпісы на плошчы Незалежнасьці ў Менску. Было сабрана больш за 500 подпісаў за перайменаваньне назвы станцыі мэтро "Плошча Леніна".

"Мы абураныя такім адказам Менгарвыканкаму, улічваючы што МФ сабраў за дзень 500 подпісаў, — камэнтуе Міхась Бутылін, паплечнік Эдуарда Лобава. — Дзіўна, што на плошчы Незалежнасьці, стаіць помнік таму, хто ў свой час гэту незалежнасьць прыціснуў."

Перашапачаткова Малады Фронт меўся правесьці пікет 7 лістапада 2010 г. на плошчы Незалежнасьці, але Менгарвыканкам адмовіў у заяўцы, якую падаваў цяперашні палівязень Эдуард Лобаў.

Пасьля адмовы ў правядзеньні пікету, маладафронтаўцы вырашылі зладзіць збор подпісаў за перайменаваньне станцыі мэтро "Плошча Леніна" у "Плошчу Незалежнасьці".

Маладафронтаўцы зазначаюць, што меркаваньне грамадзкасьці й дэмакратычных арганізацыяў менскія ўлады ня ўлічваюць. Перайменаваньне "плошчы Леніна" неаднаразова ўздымалася прыхільнікамі дэмакратычнага руху. Малады Фронт працягне дзейнасьць у дасягненьні зьмены назвы станцыі мэтро і будзе змагацца, каб помнік крывавага тырана зьнік з галоўнай плошчы нашай краіны.

Нагадаем, маладафронтавец Эдуард Лобаў быў прэвэнтыўна затрыманы 18 сьнежня 2010 г. напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў разам зь лідэрам МФ Зьмітром Дашкевічам. Юнакам інкрымінуюць "злоснае хуліганства".


Ліст адказу:

Навіны па тэме