У Беларусь прыбываюць першыя назіральнікі АБСЕ за ходам судоў па справе аб масавых беспарадках

09.03.2011, 14:27  |  Навіны, Свет, Палітыка

Першыя чатыры назіральнікі Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека АБСЕ павінны прыбыць у Беларусь 9 сакавіка, каб назіраць за ходам судовых пасяджэнняў па справе аб масавых беспарадках. Пра гэта паведаміў кіраўнік БДІПЧ АБСЕ Янез Лянарчыч.

 

Назіральнікі змогуць прысутнічаць на працэсах Дзмітрыя Мядзведзя, а таксама расійскіх грамадзян Івана Гапонава і Арцёма Брэўса. Судовы разбор у дачыненні да іх будзе адноўлены 10 сакавіка.

 

«У якасці дзяржавы — удзельніцы АБСЕ Беларусь узяла на сябе абавязацельства дапускаць міжнародных назіральнікаў на пасяджэнні суда. Назіральнікі ацэняць, наколькі судовыя працэсы адпавядаюць нацыянальнаму заканадаўству і нормам справядлівага судовага разбору, што ўтрымліваюцца ў дакументах АБСЕ і юрыдычна абавязковых міжнародных пагадненнях», — цытуе Янеза Лянарчыча прэс-служба АБСЕ.


Эксперты БДІПЧ будуць назіраць за асноўнымі судовымі разборамі па справе аб масавых беспарадках, па выніках маніторынгу бюро апублікуе справаздачу.


6 сакавіка начальнік упраўлення інфармацыі — прэс-сакратар МЗС Беларусі Андрэй Савіных паведаміў БелаПАН, што краіна запрасіла назіральнікаў АБСЕ для ўдзелу ў судовых працэсах па справе аб падзеях 19 снежня.


«Беларусь дэманструе сваю адкрытасць партнёрам па АБСЕ. Мы хочам, каб удзел знешніх экспертаў пацвердзіў, што ўсе судовыя працэсы праходзяць у поўнай адпаведнасці з нацыянальным заканадаўствам», — сказаў Савіных.


Нагадаем, абвінавачанымі па крымінальнай справе аб масавых беспарадках з’яўляюцца 42 чалавекі. Чацвёра ўжо асуджаны. 17 лютага суд Фрунзенскага раёна Менска прыгаварыў Васіля Парфянкова да чатырох гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму. 2 сакавіка ў тым жа судзе былі вынесены прыгаворы яшчэ тром абвінавачаным: Аляксандр Малчанаў асуджаны на тры гады пазбаўлення волі, Дзмітрый Новік — на тры з паловай, Аляксандр Атрошчанкаў, прэс-сакратар кандыдата ў прэзідэнты на выбарах-2010 Андрэя Саннікава, — да чатырох гадоў. Яны будуць адбываць пакаранне ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.


31 снежня 2010 года Беларусь праінфармавала членаў Пастаяннага савета АБСЕ аб рашэнні не прадаўжаць мандат менскага офіса арганізацыі ў сувязі з «адсутнасцю аб’ектыўных падстаў для захавання місіі».


На думку палітолагаў, прычынай закрыцця офіса стала негатыўная ацэнка прадстаўнікамі АБСЕ вынікаў прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі.

Крыніца: "Наша Ніва"

Навіны па тэме