Чарнобыль

09.03.2011, 22:26  |  Жывая кніга Паўла Севярынца, Навіны, БХД

Чарнобыль – чорны боль Беларусі.

 

Чарнобыль нават гучыць як удар звону. Як наканаваньне для Беларусі.

 

Чарнобыль і Беларусь, як нэгатыў і здымак, як чорна-белыя кадры дакумэнтальнае кронікі, для ўсяго чалавецтва сумешчаныя ўвадно назаўжды.

 

26 красавіка 1986 года ў гадзіну ночы на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі выбухнуў рэактар 4-га энэргаблёку. Гэта стала найбуйнейшай тэхнагеннай катастрофай у сусьветнай гісторыі.

 

“Трэці анёл затрубіў, і ўпала зь неба вялікая зорка, палаючы, нібы сьветач, і ўпала на траціну рэк і крыніцы водаў. Імя гэтай зорцы палын ; і траціна ўсіх водаў зрабілася палыном, і многія людзі памерлі ад водаў, бо яны прагорклі" (Адкрыцьцё 8: 10-11).

 

Чарнобыльскі выбух, быццам апошняе рэха залпу "Аўроры", стаў прадвесьцем развалу СССР. Чарнобыль, як і Курапаты, напрыканцы ХХ стагодзьдзя зьяднаў беларускую нацыю. Чарнобыльскі Шлях 26 красавіка – самая масавая штогадовая маніфэстацыя ў Беларусі.

 

З Чарнобылю, разьмешчанага на стыку Беларусі, Расеі й Украіны, аграмаднае воблака зь ветрамі пайшло на Маскву. У небе разгортваліся прывіды Хірасімы, хмары клубіліся тысячамі ядравых грыбоў і ракавых пухлінаў, страшны дым заражэньня пакрываў Гомельшчыну, Магілёўшчыну, Браншчыну, Чарнігаўшчыну… І тады савецкае кіраўніцтва, падняўшы ў паветра вайсковую авіяцыю, расстраляла аблокі й з дажджамі асадзіла радыяцыю ў Беларусі.

 

Беларусь зноў ахвяравалася, ратуючы Расею.

 

70% радыёнуклідаў выпала на БССР. Астатняе накрыла сумежныя вобласьці Украіны й Расеі, таксама этнічна беларускія. Больш 2 мільёнаў 200 тысячаў беларусаў сталі суцэльнай жывой зонай радыяцыйнага паражэньня.

 

Сёньня Чарнобыльская зона – гэта 41 горад і 3329 вёсак. Гэта 2 мільёны гектараў лесу, дзе забаронены збор ягад і грыбоў. Гэта 235 мільярдаў даляраў урону – 30 гадавых бюджэтаў Беларусі. Гэта закінутыя дамы, глуш, дзе плодзяцца адно дзікія зьвяры, бамжы з усяго былога Саюзу й крымінальныя банды. Чарнобыльская зона – гэта збор мэталалому, каб пракарміцца, чарнобыльскія мутанты – пачварныя дрэвы, грыбы, жывёлы – рак шчытападобнае залозы й лейкемія. З 1986 г. першасная інваліднасьць у немаўлятаў павялічылася на 50%, колькасьць генэтычных адхіленьняў – у 8 разоў, захворваньні ракам сярод дзяцей – у 130 разоў!

 

Чарнобыль – пранізьлівае зло сучаснасьці. Чарнобыль пранікае да атамаў і генаў. Чарнобыль расшчапляе жыцьцё на элемэнтарныя часьціцы: страх, боль, час. Бязьвідная, жахлівая сьмерць Чарнобылю паражае да касьцёвага мозгу, да таемных залозаў, да нашчадкаў у дзесятым калене. Дасканалы вобраз зла.

 

Беларусы ясьней за іншых уяўляюць сабе існаваньне грэху, пекла і д'ябла – бо беларусы ведаюць, наколькі рэальны нябачны Чарнобыль.

 

Беларусь вядомая паводле  Чарнобылю. Мільёны чарнобыльскіх дзяцей ужо пабывалі ў Эўропе, дзе адно толькі ўзгадваньне Чарнобылю выклікае сьлёзы. "Чарнобыльская малітва" Сьвятланы Алексіевіч й "Сэрца Чарнобылю", што атрымала Оскара-2004 за лепшы дакумэнтальны фільм, чарнобыльскія ахвяры, чарнобыльскія фобіі расьсеяліся па сьвеце, каб усе народы адчулі фізычную прысутнасьць зла, спароджанага самім чалавецтвам.

 

Духовы Чарнобыль вакол нас, папярэджвае Беларусь. Сьвет заражаны. Але Госпад Бог дапускае вялікія выпрабаваньні для тых, для каго мае вялікае прызначэньне. Д'ябальская агрэсія Чарнобылю, накіраваная на зьнішчэньне Беларусі, яшчэ раз правяла нацыю праз крыжовы шлях Ісуса Хрыста.

 

Усю сілу пракляцьця, якое прыняла на сябе нашая зямля, увесь боль ахвяры дзеля чалавецтва Госпад Бог абавязкова пераможа ўваскрасеньнем. Але, каб гэта адбылося, мала заставацца Чарнобыльскай зонай. Трэба стаць Беларусьсю.

 

Счарнелую, збалелую, спакутаваную тэрыторыю адсяленьня дзяржава павінная не пакідаць зачумленым гушчарам, а ператварыць у запаведнік радыяцыйнага пільнаваньня ды маніторынгу для ўсяе плянэты.

 

У гісторыі ўсяго чалавецтва Чарнобыль мусіць застацца глябальным папярэджаньнем у Сэрцы Эўропы. Чорным нэгатывам для сусьветнага прасьвятленьня.

Навіны па тэме