Беларуская Нацыянальная Памяць ладзіць Дзень Памяці Кастуся Каліноўскага ў Вільні

16.03.2011, 01:37  |  Навіны, Свет, Грамадства

19 сакавіка 2011 году ў Вільні адбудзецца шэсьце памяці нацыянальнага героя Беларусі Кастуся Каліноўскага. Шэсьце распачнецца а 13-й гадзіне і пройдзе ад Лукішскага пляцу да гары Гэдыміна, дзе пахаваны Каліноўскі. Шэсьце ўжо другі год запар ладзіць арганізацыя беларусаў за мяжой "Беларуская Нацыянальная Памяць", у якой прыймаюць чынны ўдзел і сябры БХД.


БНП запрашае ўсіх ахвотных, асабліва тых, хто ў гэты час будзе знаходзіцца ў Вільні, далучацца, а хто мае магчымасьць, прыехаць ў гэты дзень Вільню, каб разам ушанаваць памяць змагара за волю нашага Краю.

 

Таксама БНП заклікае арганізоўваць дзень памяці Кастуся Каліноўскага ў Беларусі: у месцах, зьвязаных з дзейнасьцю Каліноўскага і паўстанцаў 1863 году - у Свіслачы, Якушоўцы, Гародні, вёсцы Плябань на Вілейшчыне, і ўвогуле паўсюль, дзе ёсьць такая магчымасьць. Калі патрэбна нейкая дапамога, парада ці па пытаньні ўдзелу у віленскім мерапрыемстве, можна  кантактаваць з БНП праз арганізацыйны e-mail Беларускай Нацыянальнай Памяці: bielarus.np@gmail.com

Навіны па тэме

Фото юзера zdanek
zdanek 10.03.2011
радыкал, папярэднік камуністаў (нехта з даследчыкаў так і сказаў, што радыкальней за яго сац.праграму былі толькі бальшавікі), якабінец-тэрарыста - гэта герой для беларускіх сацыялістаў

правым трэба шукаць іншых герояў
Фото юзера valieryja
valieryja 10.03.2011
Гэтак жа казалі беларускія сацыялісты міжнваеннага часу: "Трэба адбіць Каліноўскага ў хадэкаў. Гэта не іх святы", бо менавіта заснавальнік і ідэолаг першай БХД кс. Адам Станкевіч сваімі працамі, прысьвечанымі Кастусю Каліноўскаму, сьцвердзіў яго як "пачынальніка беларускага палітычнага вызваленьня". Беларускія хрысціянскія дэмакраты яшчэ ў 1933 г. урачыста адзначылі юбілейныя даты, зьвязаныя з жыцьцём Каліноўскага.

Так, вы маеце рацыю наконт яго радыкальных зусім не хрысьціянска-дэмакратычных поглядаў, а рэвалюцыя ды ўзброены супраціў - не нашыя метады барацьбы і г.д. і да т.п., але мы можам вучыцца яго ў яго ахвярнасьці і любові да бацькаўшчыны і народа, ды не забываць, што ў падмурку ягонага жыцьцёвага чыну было: "Каго любіш - Люблю Беларусь - то ўзаемна".
Фото юзера zdanek
zdanek 13.03.2011
наконт Станкевіча ўсе зразумела. яго ХД, калі выключыць пытанне веры, была фактычна левай арганізацыяй. не камуністычнай, але левай... і выбар героя гэта пацыярджае. цяжка шанаваць Каліноўскага і не выступаць за перадзел зямлі..

а наконт "люблю Беларусь", то пра Каліноўскага засталося так шмат матэрыялаў, што дакладна сказаць якім патрыетам ен быў не магчыма. таму і спрачаюцца, ці ен паляк, ці патрыет РП, ці ВКЛ, ці Беларусі. няшмат матэрыялу захавалася..

у Польшчы ўжо з канца ХІХ ст. лічаць гэта паўстанне самаахвярным шкодным глупствам, можа і для беларусаў прыйшлі такія часы?
Фото юзера valieryja
valieryja 16.03.2011
Што вы кажаце, спадар знаўца, калі БХД была левай арганізацыяй, дык хто ж тады былі правыя? Вядома, сапраўдныя хадэкі ў адрозьненьне ад традыцыйных кансераватараў заўсёды вылучаліся і вылучаюцца большым клопатам пра сацыяльныя праблемы ў грамадстве: хрысьціянам уласьціва клапаціцца пра маламаёмасных. Але ў дадзеным выпадку лявацкія погляды не прычым.

Мяркую, што сто гадоў таму, калі Станкевіч пачынаў дасьледваць жыцьцё Каліноўскага, у яго было нашмат больш сьведчаньняў яго сапраўднай беларускасьці. Таму ён і змог вызначыць Каліноўскага як "пачынальніка беларускага палітычнага вызваленьня", нават нягледзячы на рознасьць палітычных поглядаў.
Фото юзера zdanek
zdanek 16.03.2011
наконт Станкевіча не факт. гэтак можна дагаварыцца і да братоў Ляха і Руса, бо Длугашу мол, які жыў бліжэй да тых часоў, было больш вядома...

а беларускіх правых не было. была спроба Скірмуната і стварэнне БНК, але ў віхуры рэвалюцыйных падзей яна не дала плену. правыя погляды вызнавалі толькі "краёўцы". але ж беларускім нацыяналістам яны, зразумела, не да спадобы.

а так як Станкевіч быў і нацыяналіст, то ен абапіраўся на мясцовае сялянства, якому і абяцаў розныя сацыяльныя падарункі. кшталту, "узяць і падзяліць"... асабліва зямлю

хрысціянам сапраўды ўласцівы клопат пра бедных, але хрысціяне-кансерватары апелююць да сумлення, бо "міласэрнасць не можа быць прымусовай", а хадэкі пазычыюць сацыялістычную ідэю пра прымусовае дзяржаўнае пераразмеркаванне