Мірны атам у кожны дом

15.03.2011, 12:28  |  Навіны, Свет

Падпісанне дамовы пра беларускую АЭС адбудзецца ў злавесны дзень. Падзеі на АЭС у Фукусіме блізкія да найгоршага сцэнару. Новыя выбухі, пажар, вялікі выкід радыяцыі.

 

У раёне трэцяга рэактара АЭС «Фукусіма-1» зарэгістравана 400-кротнае перавышэнне нармальнай гадавой дозы апраменьвання, паведамляе японскае агенцтва Kyodo.

 

Раней, перш чым у чацвёртым энергаблоку адбыўся пажар і выбух вадароду, агенцтва паведамляла аб перавышэнні гэтага паказчыка на тэрыторыі станцыі ў восем разоў.

Пры гэтым узгаранне ў чацвёртым энергаблоку АЭС удалося лакалізаваць.

 

Кіраўніцтва АЭС эвакуявала са станцыі ўвесь персанал, акрамя 50 работнікаў, якія непасрэдна займаюцца астуджэннем рэактараў.

 

Зафіксаваны ўздым радыцыі ў суседніх са станцыяй рэгіёнах і нават у Токіа, якое ляжыць за 260 км ад станцыі (гэта прыкладна як Мінск ад Гродна; будучая Астравецкая АЭС — удвая бліжэй ад Мінска).

 

Улады забаранілі авіяпалёты над станцыяй, працягваюць эвакуацыю людзей.

 

Яшчэ ніколі атамныя энэргетыкі не сутыкаліся з адначасовымі праблемамі на такой колькасці рэактараў. Калі спеклае атамнае паліва прапаліць металічныя абалонкі рэактара, вялізную тэрыторыю Японіі і прылеглы акіян чакае яшчэ больш моцнае радыяцыйнае забруджванне.

 

Падпісанне дамовы пра беларускую АЭС адбудзецца ў злавесны дзень. Чакаецца, што яе падпішуць беларускі і расійскі прэм’еры сёння ў Мінску. Учора дамову ўхваліў Аляксандр Лукашэнка. Будаўніцтва АЭС было ягонай ідэяй. Некаторыя эксперты сцвярджаюць, што за праектам стаіць не столькі эканамічная матывацыя, колькі амбіцыя ўзвесці Беларусь у ранг атамных дзяржаваў.

 

Указ аб адабрэнні дамовы з Расіяй быў падпісаны Лукашэнкам 14 сакавіка.

 

У маі бакі маюць падпісаць кантрактнае пагадненне, а не пазней за чэрвень — крэдытнае пагадненне паміж міністэрствамі фінансаў дзвюх краін.

 

Мяркуецца, што ў верасні 2011 года пачнецца будаўніцтва катлавана пад АЭС.

 

Астравецкая АЭС мае будавацца ў раёне Міхалішак, за 50 км ад старажытнай Вільні і за 30 км ад Нарачанскіх азёр.

 



Крыніца: Наша Ніва

Навіны па тэме