Вынікі візіту Пуціна: 13 мільярдаў на новы Чарнобыль і падтрымку Лукашэнкі ўзамен за МАЗ

16 сакавіка 2011 15:01  |  Навіны

Арытмэтыка расейскай шчодрасьці ў адносінах да Беларусі пасьля пераабраньня Лукашэнкі: 6 мільярдаў даляраў крэдыту на АЭС, плюс 2 мільярды магчымага крэдыту праз Антыкрызісны фонд ЭўрАзЭС, плюс мільярд крэдыту ад расейскага ўраду… Плюс 4,3 мільярда нафтавых субсыдыяў.  Затое пасьля двухгадзінных перамоваў з Лукашэнкам прэм’ер Расеі Уладзімер Пуцін як пра вырашанае пытаньне заявіў пра аб’яднаньне беларускага МАЗа і расейскага КАМАЗа.

Пагадненьне аб крэдытаваньні Расеяй будаўніцтва Беларускай АЭС можа быць падпісана цягам месяца. Пра гэта паведаміў Уладзімер Пуцін па выніках пасяджэньняў выканаўчых органаў Саюзнай дзяржавы і Мытнага саюзу. Паводле словаў Пуціна, аб’ём крэдытаваньня на будаўніцтва АЭС “залежыць ад аб’ёму таго абсталяваньня, якое краіна-заказчык вырабляе або не вырабляе сама”.
“У выпадку Беларусі гаворка ідзе аб крэдыце прыблізна ў 6 мільярдаў даляраў“, — цытуе Пуціна БелаПАН. 

Ён таксама паведаміў, што бакі абмяркоўваюць магчымасьць крэдытаваньня інфраструктуры АЭС. У такім выпадку расейскі крэдыт на АЭС можа скласьці не 6, а 9 мільярдаў даляраў

 

Адказваючы на пытаньне аб бясьпецы АЭС і далейшым разьвіцьці ядзернай энэргетыкі ў сувязі з апошнімі падзеямі ў Японіі, расійскі прэм’ер заўважыў:  “Без ядзернай энэргетыкі сёньня казаць аб сусьветным энэргетычным балянсе проста немагчыма”.У якасьці прыкладу ён прывёў Францыю, дзе доля атамнай энэргетыкі ў энэргетычным балянсе краіны складае прыкладна 80%. 

 

Падзеі ў Японіі Пуцін назваў “зьбегам акалічнасьцяў”:  “Гэта і землятрус, і наступная цунамі, а японскія АЭС – гэта абсталяваньне 40-гадовай даўніны. Сёньня ў сьвеце ёсьць значна больш сучасныя блёкі, яны аснашчаюцца сродкамі абароны, якія выключаюць магчымае разьвіцьцё падзей па японскім сцэнары і здольныя працаваць нават пры адключэньні зьнешніх крыніцаў сілкаваньня “. 

Пуцін падкрэсьліў, што менавіта такія станцыі Расія будуе ў сябе і плянуе пабудаваць у Беларусі. 

Уладзімір Пуцін таксама заявіў, што не бачыць праблемы ў неадначасовасьці ўступленьня краін Мытнага саюза ў Сусьветную гандлёвую арганізацыю: “Мы з самага пачатку дамовіліся, што Мытны саюз і АЭП будуць будавацца на нормах і прынцыпах СГА. Нічога іншага мы не зьбіраліся прыдумляць”.

 

Пуцін закрануў пытаньне тарыфнага рэгуляваньня. Паводле ягоных словаў, бакі фактычна дамовіліся аб абароне ўнутранага рынку пры ўвозе аўтамабіляў замежнай вытворчасьці. 

 

Ён нагадаў, што дзякуючы бяспошлінным пастаўкам нафты ў 2011 годзе (21,6 мільёна тон) аб’ём субсідаваньня Расеяй Беларусі складзе 4,3 млрд. даляраў. 

 

Тым часам віцэ-прэм’ер расейскага ўрада, міністар фінансаў Аляксей Кудрын паведаміў, што Беларусь зьвярнулася ў Антыкрызісны фонд ЭўрАзЭС з просьбай выдзеліць крэдыт у памеры 2 млрд. даляраў і “больш за паўгода назад” — да ўрада Расеі аб выдзяленьні 1 млрд. даляраў. Кудрын падкрэсьліў, што цяпер у гэтай частцы вядуцца перамовы з беларускім бокам. У Антыкрызісным фондзе ЭўрАзЭС знаходзяцца пераважна расейскія грошы.

“Прадстаўленьне крэдытаў будзе зьвязана з выкананьнем шэрагу ўмоў, са структурнымі рэформамі”, — сказаў Кудрын і ўдакладніў, што гэтыя ўмовы могуць быць блізкія да ўмоў выдзяленьня крэдытаў Міжнародным валютным фондам.
Кудрын таксама заявіў, што валютныя абмежаваньні на закупку імпарту, ўведзеныя ў Беларусі, звужаюць магчымасьці беларускага бізнэсу, паведамляе БелаПАН.

 

“Па сутнасьці, кампаніі не могуць атрымаць на рынку неабходны аб’ём валюты для канвэртацыі”, — адзначыў ён. Кудрын падкрэсьліў, што такія абмежаваньні не зьяўляюцца рынкавымі мэтадамі. Курс валюты як эканамічны індыкатар не працуе ў поўнай меры, што і вымушае зьвяртацца да падобных адміністрацыйным мераў, сказаў ён. 

 

Віцэ-прэм’ер Расеі падкрэсьліў, што Расея даўно адышла ад такіх абмежаваньняў і не будзе да іх вяртацца. Паводле яго, адмова ад падобных крокаў можа быць умовай выдзяленьня Беларусі крэдытаў.

 

Быў МАЗ-МАН, стане МАЗ-КАМАЗ

 
“Актывы найбуйнейшых вытворцаў вялікагрузных аўтамабіляў Беларусі і Расеі — МАЗ і КамАЗ — будуць аб’яднаныя. Стварэньне гэтага альянсу будзе спрыяць вырабу канкурэнтаздольнай прадукцыі беларускіх і расейскіх прадпрыемстваў, новых працоўных месцаў”, — сказаў прэм’ер-міністар Расеі Ўладзімір Пуцін пасьля двухгадзінных перамоваў з А. Лукашэнкам.

“Гэта прыкметны крок у рамках інтэграцыйных працэсаў Беларусі і Расеі ў дачыненьні да рэальнага сэктару эканомікі”, — адзначыў расійскі прэм’ер, паведаміўшы, што ў бакоў “шмат добрых інвэстыцыйных праектаў”, — перадае БелаПАН.

 

Між тым 16 лютага першы віцэ-прэм’ер ураду Беларусі Ўладзімер Сямашка зазначыў, што прапанова расейскай кампаніі “Ростехнологии” пра стварэньне расейска-беларускай холдынгавай кампаніі “Росбелавто” атрымала прынцыповае ўхваленьне, і пытаньне толькі ў ацэнцы актываў, якія мяркуецца аб’яднаць у холдынгу.

 

Але 19 лютага Аляксандар Лукашэнка заявіў, што ўсе размовы аб зьліцьці двух прадпрыемстваў — “гэта чыстай вады інсынуацыя і ўкід”. Паводле яго словаў, у Беларусі “нават не падступаліся да гэтых пытаньняў”.

Раней МАЗ стварыў сумеснае прадпрыемства зь нямецкай кампаніяй МАН.

Болей навін