Валютны рынак блізкі да паралічу. «Шэры» курс даляра 3.600 рублёў

18 сакавіка 2011 11:20  |  Навіны

На валютным рынку Беларусі можа скласціся сітуацыя, блізкая да паралічу, лічаць эксперты. З 16 сакавіка замаўляць валюту на Беларускай валютна-фондавай біржы банкам трэба за 30 дзён да пакупкі. На фоне уведзеных абмежаванняў на валютным рынку ў Беларусі фарміруецца «шэры» курс беларускага рубля, які на 17% вышэйшы за банкаўскі і складае 3.600 рублёў за адзін даляр. Гэты курс датычыць коштаў на  бытавую электронную, кампутарную і аргтэхніку, што падскочылі на гэтым тыдні на 15-30%.

 

«Сітуацыя на самой справе цяжкая. Напярэдадні, 16 сакавіка, быў першы вельмі сур’ёзны сімптом, калі на ўсіх сегментах валютнага рынка – біржавым, міжбанкаўскім і наяўным – фактычна гандаль спыніўся», – заявіў у інтэрв’ю БелаПАН беларускі эканаміст, незалежны фінансавы аналітык Сяргей Чалы.

Гэта, па ягоных словах, стала следствам апошніх валютных абмежаванняў і адміністрацыйных рашэнняў Нацбанка. У выніку ў сітуацыі, калі склаўся ажыятажны попыт на валюту, банкі не маглі аператыўна папоўніць свае валютныя запасы, і ім папросту няма чым было закрыць попыт насельніцтва. «Прытым што ў Нацбанку валюта была. І толькі 16 сакавіка ім стала зразумела, што «пажар» трэба чымсьці тушыць і валюту пачалі падвозіць», – адзначыў Чалы.

На дадзены момант, працягнуў ён, становішча такое: «Пакуль у Нацбанку будуць «разбірацца» з фізічнымі асобамі, сітуацыя з забеспячэннем валютай юрыдычных асоб у бліжэйшы час не зменіцца».

Нагадаем, з 16 сакавіка замаўляць валюту на Беларускай валютна-фондавай біржы банкам трэба за 30 дзён да пакупкі. Раней біржа прадавала валюту на наступны дзень пасля заяўкі.

«Ужо і самі банкі кажуць аб тым, што ў сітуацыі немагчымасці набыцця валюты магчымыя пратэрміноўкі па пагашэнні валютных даўгоў рэзідэнтамі або нерэзідэнтамі. Адпаведна гэта будзе пагаршаць балансавыя пазіцыі банкаў», – дадаў фінансавы аналітык.

Ён таксама нагадаў аб ўведзенай у сакавіку забароне прадпрыемствам набываць на ўнутраным рынку замежную валюту для імпарту абсталявання, кошт якога перавышае 50 тыс. еўра. Між тым, як падкрэсліў Чалы, пад абмежаванні, прадугледжаныя ў пастанове ўрада і Нацбанка, патрапіла не толькі інвестыцыйная, але і значная частка спажывецкага імпарту.

Абмежаванні на валютным рынку ўжо выклікалі незадаволенасць сярод партнёраў па Мытным саюзе і АЭП, указаў эксперт.

«Шэры» курс даляра — Br3600/$1

Як паведамілі прадстаўнікі шэрагу апытаных агенцтвам «Інтэрфакс-Захад» кампаніяў-пастаўшчыкоў аргтэхнікі, менавіта такі курс цяпер выкарыстоўваецца большасцю удзельнікаў рынку для пераафармлення дакументаў на падвышэнне коштаў. Пры гэтым шэраг кампаніяў часова спыніў водпуск прадукцыі па безнаяўным разліку з-за часу, неабходнага на пераафармлення накладных.

Гаворка ідзе аб камп’ютэрнай тэхніцы, аргтэхніцы і бытавой электроннай тэхніцы.

Асобныя кампаніі, якія займаюцца аптова-рознічным гандлем аргтэхнікай, ужо правялі пераацэнку, у выніку якой адпускны кошт павышаны на 15-30%.

Па звестках агенцтва, аналагічная сітуацыя складваецца і ў іншых сегментах спажывецкага рынку, дзе выкарыстоўваецца значная частка імпарту, у прыватнасці на рынку будматэрыялаў і аздабленчых работ.

Фактычнае з’яўленне ў Беларусі альтэрнатыўнага абменнага курсу беларускага рубля выкліканае ўведзенымі абмежаваннямі на набыццё замежнай валюты для пакупкі тавараў інвестыцыйнага напрамку (не больш за 50 тыс. еўра на месяц з адным пастаўшчыком) і забароннымі тэрмінамі рэзервавання сродкаў (30 дзён) для яе набыцця на валютна-фондавай біржы .

У пералік тавараў, на якія распаўсюджваюцца абмежаванні па набыцці замежнай валюты, у прыватнасці, уключаная аргтэхніка і бытавая электратэхніка (лядоўні, пральныя машыны, пыласосы, тэлевізары, маніторы, цюнеры, апаратура для радыётэлефоннай і тэлевізійнай сувязі).

Прадстаўнікі рынка таксама паведамілі, што пасля праведзенай пераацэнкі аптовыя пастаўкі IT-тавараў (маніторы, ноўтбукі, прынтэры і г.д.) падаражэлі на 15-17%, тэлекамунікацыйныя тавары (у прыватнасці, мабільныя тэлефоны) – на 25-30%. Пры гэтым пастаўкі здзяйсняюцца толькі па 100%-й перадаплаце.

“Дадзенае падвышэнне коштаў ўяўляе сабой рашэнне, якое прадстаўнікі рынку прынялі, параіўшыся паміж сабой і з банкамі. Гэта кошт рызыкі ў сувязі з адсутнасцю інфармацыі аб тым, калі, пачым і на якіх умовах імпарцёры могуць набыць валюту для разлікаў са сваімі пастаўшчыкамі», – сказаў прадстаўнік буйной кампаніі, якая спецыялізуецца на аптовым гандлі IT-таварамі. Па ягоных словах, «банкі таксама не валодаюць адпаведнай інфармацыяй, адмаўляюцца прадаваць валюту і, як мінімум, да панядзелка ўзялі тайм-аўт”.

Курс продажу даляра ЗША ў камерцыйных банках на 17 сакавіка складае Br3080/$1, курс Нацбанка – Br3020/$1.

У адпаведнасці з рэкамендацыямі НББ, курс продажу замежнай валюты на пазабіржавым рынку не можа больш чым на 2% перавышаць афіцыйны курс НББ.

Між тым, маніторынг гандлёвых рынкаў сведчыць, што пры наяўным разліку прадаўцы імпартных тавараў выкарыстоўваюць курс, які нязначна адрозніваецца ад банкаўскага – Br3100/$1.

Болей навін