Справа часу

29.03.2011, 10:10  |  Блог Галіны Каржанеўскай, Палітыка, Грамадства

І ў расійскіх, і ў беларускіх СМІ мусіруецца тэма пераходу або непераходу на “зімні час”. Насамрэч, зімні час – сапраўдны, зыходны, па ім жылі нашы продкі. Першы пераход адбыўся якраз увесну, перад летам, і штучны час – менавіта летні. Аднак атрымліваецца, што людзі даўно забыліся, што і калі там было, адсюль блытаніна і ў журналістаў.

Цікава, а ў якім часе жывем мы? Некалі небезвядомы У.Салаўёў у перадачы “К бар’еру!” назваў Беларусь “маленькім Савецкім Саюзам”. Як добра ён пра нас думаў! Адзін майстра, што рамантуе мінскія кватэры, сказаў інакш: “У нас нават не СССР. У нас усё намнога горай”. Раней хоць дзе можна было знайсці праўду – звярнуцца да сакратара райкама, абкама, ЦК, у  газету напісаць... На пачатку 90-ых газета “ЛіМ”, дзе я працавала, была завалена лістамі, і зусім не пра тое, што кран або пад’езд не рамантуюць. Чытачы паднімалі вострыя, ідэйна значныя пытанні, што тычыліся самапачування і развіцця нацыі. Паглядзіце цяпер, што там друкуюць... Куды падзеліся спрэчкі, дыскусіі, абмен рэплікаміі думкамі? Усё жывое пад асфальтам.  Што ўжо казаць пра штодзённыя дзяржаўныя выданні...

Тры месяцы прайшло з дня 19 снежня, а мы ўсё вяртаемся і вяртаемся да яго ў думках. На сайтах звыкла вінавацяць дэмакратаў: не аб’ядналіся, не туды павялі... Дарэчы, наконт ”павялі”. Мы ведаем, што з намі было, але не можам ведаць, што магло б быць – на слізкім катку ля Палаца Рэспублікі, калі б там успыхнула іскра. Народ “выжылі” з гэтага месца гучнай папсой, а куды ён пойдзе – прадбачыць было не цяжка: перад гэтым, 24 лістапада, дэманстранты ўжо прайшліся ціха-мірна да Чырвонага касцёла і ніводнага чалавека ў форме не пабачылі.

“Мы робім тое, што робім, а з намі могуць зрабіць усё, што захочуць”. Гэтае выказванне належыць простаму хлопцу, актывісту БХД; ён вёз  сваякоў Рымашэўскага з перадачай, якую ў каторы раз не прынялі ў “амерыканцы”.

Мяне да глыбіні душы ўразіла гэта простая, будзённым голасам прамоўленая фраза. Яны сапраўды здольны на ўсё. Якія перамовы? З кім?! Задоўга да судоў было сказана з экрана: “Судзіць будзем выключна па-еўрапейску”.  Трэба разумець – строга. Затое хапаюць, збіваюць падчас дэманстрацый ды мухлююць у выбарчых камісіях -- па-нашанскі, па-мясцоваму. Так што Еўропа тут ні пры чым, там права не знішчана і суды не заказныя.

Толькі 23 сакавіка затрыманы трое ўдзельнікаў “масавых беспарадкаў”, чые здымкі гулялі па інтэрнэту. Севярынец, Саннікаў, Статкевіч, Лябедзька і іншыя ўжо наседзецца, нацярпецца паспелі, а гэтых перад самым судом нарэшце “апазналі” і вышукалі. Ці не спецыяльна далі хлопцам пагуляць – у знак падзякі за зробленае? Як інакш патлумачыць такую дзіўную затрымку правасуддзя?

Пра суды асобная гаворка. У судзейскім корпусе, кажуць, цяпер пераважаюць жанчыны. Калі я судзілася з адным дзяржаўным музеем, то пабачыла, як цяжка быць жанчынай у мантыі. Музейны юрыст літаральна з суддзі вяроўкі віў: і маніпуляваў, і запужваў яе, і шантажаваў -- што калі яна не спыніць паседжанне, то яму давядзецца выклікаць “хуткую” і гэтак далей... Чалавек на дзяржслужбе ўвогуле стварэнне гнуткае, падатлівае. Там цяпер такога паняцця, як “мужчынскі гонар”, не існуе ў прынцыпе. Бо прыкладу мужчынскіх годных паводзін не падае галоўны чалавек у дзяржаве. Успомніце, як ён гутарыў з амерыканскай журналісткай. Яна, бедная, аж вочы вырачыла ад такога абыходжання... Да псіхааналітыка, мусіць, звярнулася па прыездзе дадому. А як ён гаварыў пра збітага Някляева?  Гэта што – па-мужчынску? Гэта ўвогуле не па-чалавечы, скажам прама.

Да змененага часу, напэўна, можна прывыкнуць. Да несправядлівага грамадскага ладу – не. Ён супярэчыць чалавечай прыродзе, імкненню людзей да праўды і дасканаласці. У такога ладу няма будучыні, як не бывае будучыні ва ўзурпатараў улады. Як кажуць – справа часу.

Навіны па тэме