Тацяна Севярынец намагаецца сустрэчы з мітрапалітам Філарэтам

29 сакавіка 2011 10:45  |  Навіны

 

Тацяна Севярынец, маці палітзьняволенага лідэра БХД Паўла Севярынца, працягвае дабівацца, каб яе сына, што ўтрымліваецца ў сьледчым ізалятары КДБ, наведаў сьвятар. Палітык, сустаршыня аргкамітэту па стварэньні Партыі Беларуская Хрысьціянская Дэмакратыя ў сваіх лістах выказваў жаданьне аб сустрэчы са сьвятаром, каб спавядацца і прыняць Сьвятое Прычасьце.

 

Тацяна Яўгенаўна дамовілася з айцом Васілём з Менскай епархіі, які адказвае царкоўную працу са зьняволенымі ў турмах. Аднак сьледчы адмовіў ў сустрэчы Севярынца са сьвятаром. Каб вырашыць гэтую праблему, Тацяна Севярынец спрабуе сустрэцца зь мітрапалітам Менскім і Слуцкім, патрыяршым экзархам Беларусі Філарэтам:

 

“Амаль месяц я грукаюся ў зачыненыя дзьверы, пайшла я ў епархію ў пачатку сакавіка. Заўтра адзін сьвятар пойдзе ў КДБ па пропуск, чым гэта ўсё скончыцца, невядома. Чаму ня могуць патрапіць сьвятары ў СІЗА КДБ? Няма дамовы з КДБ, зь міліцыяй ёсьць, а вось з Камітэтам дзяржаўнай бяспекі няма. Буду заўтра тэлефанаваць і пытацца, ці прыме мяне мітрапаліт.” 

Па словах Тацяны Севярынец, калі атрымаецца дамагчыся заключэньня дамовы царквы са сьледчым ізалятарам КДБ, гэта стане сапраўдным прарывам. Калі не Павал Севярынец, дык іншыя арыштаваныя здолеюць атрымаць права на споведзь, на малітву.

Болей навін