31 сакавіка на 10—11% даражэе бензін, 1 красавіка - праезд у Менску, 3 красавіка - у электрычках

30.03.2011, 22:30  |  Навіны, Грамадства, Эканоміка

У «Белнафтахіме» падпісаны загад № 114 ад 29 сакавіка аб чарговым падаражэнні бензіну. Рознічныя цэны на паліва вырастуць больш чым на 10% ужо з 31 сакавіка.  А з 1 красавіка ў Менску на 20% даражае праезд у грамадскім транспарце. Кошт талона складзе 850 рублёў. Таксама з 3 красавіка падаражэе праезд на чыгунцы ў прыгарадных цягніках (электрацыях і дызелях).


Вестка пра падаражэнне паліва ўтварыла чэргі каля заправак. Нават на невялікіх АЗС, як, напрыклад, на перасячэнні вуліц Казлова і Платонава ў Менску, у чэргах чакаюць па некалькі дзясяткаў аўто. «Поўны бак, калі ласка» — гэтая просьба найбольш часта гучыць сёння на менскіх АЗС. 

 

Новыя кошты на аўтамабільнае паліва складуць:

 

Дызельнае паліва — 3150 рублёў (было 2850, рост 10,6%)

Нармаль-80 — 3150 рублёў (было 2850, рост 10,6%)

АІ-92 — 3300 рублёў (было 3000, рост 10%)

АІ-95 — 3750 рублёў (было 3400, рост 10,3%).

 

Прэс-сакратарка «Белнафтахіма» Марына Касцючэнка не пацвердзіла інфармацыю, як заўжды і адбываецца ў такіх выпадках. «Калі падаражанне адбудзецца, мы выставім гэтую інфармацыю на сайце», — заявіла яна.

 

Праезд у сталічным транспарце — 850 рублёў

 
З 1 красавіка ў Менску на 20% даражае праезд у грамадскім транспарце. Кошт талона складзе 850 рублёў. Тарыф на праезд у экспрэсных аўтобусах зацверджаны ў памеры 1300 рублёў. Пра гэта заявіў дырэктар «Сталічнага транспарта і сувязі» Валер Шкуратаў.

 

Па яго словах, міністэрства эканомікі ўзгадніла прапанаваныя Менгарвыканкамам новыя тарыфы на перавозку пасажыраў гарадскім транспартам агульнага карыстання. 

 

Падаражанне адбудзецца, як толькі рашэнне будзе апублікаванае ў дзяржаўным друку, але менскія кандуктаркі папярэджваюць пасажыраў, што адбудзецца гэта ўжо 1 красавіка.

 

Праезд на электрацыях падаражае з 3 красавіка

 
Тарыфы на перавозкі пасажыраў прыгараднымі цягнікамі падвышаюцца на 13,6%, паведамляе прэс-цэнтр Беларускай чыгункі. Такое рашэнне было прынятае пастановай Мінэканомікі №28 ад 11 сакавіка 2011 года.


"У мэтах падвышэння акупальнасці пасажырскіх перавозак у прыгарадных цягніках з 3 сакавіка 2011 года павялічваюцца кошты на праязныя дакументы.  Зонавы тарыф ўсталяваны ў памеры Br500 рублёў (раней Br440), тарыф за 1 кіламетр – Br50 (раней Br44)",  - адзначаецца ў паведамленні.



Крыніца: "Наша Ніва"

Навіны па тэме