Паўлу Севярынцу таксама змякчылі абвінавачванне

04 красавіка 2011 17:18  |  Галоўныя навіны

Сёньня стала вядома, што сьледства перакваліфікавала абвінавачваньне супраць сустаршыні БХД Паўла Севярынца на артыкул 342 Крымінальнага кодэксу, частка 1 (“Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх”), паводле якога Паўлу можа пагражаць да трох гадоў турмы. 

 

На мінулым тыдні такое ж аблегчанае новае абвінавачваньне было прад’яўленае сустаршыні аргкамітэту па стварэньні партыі “Беларуская Хрысьціянская Дэмакратыя”, экс-кандыдату ў прэзыдэнты Беларусі Віталю Рымашэўскаму.

 

Павал Севярынец быў затрыманы ў ноч пасьля выбараў. Увесь гэты час ён знаходзіцца ў СІЗА КДБ, так званай «амерыканцы». У турме Павел рашуча адмовіўся даваць паказаньні. За кратамі ён працягвае пісаць раман «Сэрца сьвятла», чытае Біблію і дамагаецца, каб да яго пусьцілі сьвятара.

 

Разам зь Севярынцам абвінавачваньне зьмякчылі таксама каардынатару «Эўрапейскай Беларусі» Зьміцеру Бандарэнку, журналістцы, жонцы Андрэя Саньнікава Ірыне Халіп, а таксама Сяргею Марцалеву, паплечніку Міколы Статкевіча. 

 

Уражвае другая частка абвінавачваньня супраць іх. Як паведамляе агенцтва «Інтэрфакс», па меркаваньні сьледства, яны вінаватыя ў штучным стварэньні нагоды «для рэакцыі дзяржаваў Эўразьвяза і ЗША, якія прынялі меры па ўвядзеньні са свайго боку санкцыяў як спосаба эканамічнага і палітычнага ціску на афіцыйную ўладу ў Беларусі».

 

На мінулым тыдні акрамя Віталя Рымашэўскага абвінавачваньне таксама было перакваліфікаванае ў дачыненьні да намесьніцы старшыні Маладога фронту Насты Палажанкі, экс-кандыдата Уладзімера Някляева, а таксама Андрэя Дзьмітрыева, Аляксандра Фядуты, Сяргея Вазьняка. Мяркуецца, што абвінавачваньне могуць зьмякчыць у дачыненьні яшчэ некалькіх вязьняў.

Болей навін