Пададзеная заяўка на "Чарнобыльскі шлях-2011"

05.04.2011, 15:01  |  Навіны, Палітыка

У Менгарвыканкам пададзеная заяўка на правядзеньне 26 красавіка традыцыйнага шэсьця "Чарнобыльскі шлях" у 25-ю гадавіну аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Пра гэта паведаміў адзін з заяўнікаў акцыі, адказны сакратар аргкамітэту па стварэньні партыі "Беларуская хрысьціянская дэмакратыя" Дзяніс Садоўскі.


Дзяніс Садоўскі  распавёў: "У пятніцу, 1 красавіка, адбылося пасяджэньне аргкамітэта па правядзеньні "Чарнобыльскага шляху", мы выпрацавалі канчатковы фармат правядзеньня акцыі". Фармат акцыі традыцыйны: удзельнікі плянуюць сабрацца на пляцоўцы каля будынку прэзыдыюму Акадэміі навук, пачынаючы з 17.45, адкуль у 18.30 распачнецца шэсьце ў бок Чарнобыльскай капліцы ля парку Дружбы народаў. Там адбудзецца невялікі мітынг.


Заяўку, акрамя Садоўскага, падпісалі кіраўнік аргкамітэту па правядзеньні "Чарнобыльскага шляху" Юры Хадыка і адзін зь лідэраў прадпрымальніцкага руху Мікалай Пахабаў.

“Мы гатовыя ўзгадняць парадак правядзеньня шэсьця і мітынгу зь Менгарвыканкамам. Калі колькасьць удзельнікаў шэсьця будзе меншая за пяць тысяч чалавек, мы павядзем калёну па пешаходных зонах”, – сказаў Садоўскі ў інтэрвію БелаПАН.

Заяўка была пададзеная вечарам 4 красавіка.

Навіны па тэме